Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск пацвердзіў, што ЗША прыпынілі пастаўкі ваеннай дапамогі Украіне. Пра гэта ён заявіў на паседжанні ўрада, паведамляе RMF24.
Туск падкрэсліў, што «няма ніякіх падставаў» лічыць, што заявы амерыканскага боку — «проста словы».
— Паведамленні, якія паступаюць з мяжы, з нашага вузла ў Ясенцы (горад у Польшчы, размешчаны прыкладна за 170 км ад мяжы з Украінай, тут знаходзіцца найбліжэйшы да Украіны аэрапорт. — Заўв. рэд.), пацвярджаюць заявы амерыканскага боку. Гэта, вядома, ставіць Еўропу, Украіну і Польшчу ў больш складаную сітуацыю, але мы павінныя з гэтым справіцца, — заявіў кіраўнік урада Польшчы.
Туск адзначыў, што сітуацыя «сапраўды ўяўляе сабой выключны выклік, магчыма, самы вялікі за апошнія дзесяцігоддзі з пункту гледжання бяспекі».
Раней сёння Дональд Туск апублікаваў пост, у якім напісаў, што ад таго, ці зможа Украіна абараніць сябе ад расійскай агрэсіі, залежыць і бяспека Польшчы.
Suwerenna, prozachodnia i zdolna do obrony przed rosyjską agresją Ukraina oznacza Polskę silniejszą i bezpieczniejszą. W politycznym zamieszaniu i narastającym chaosie właśnie to się liczy najbardziej. Kto kwestionuje tę oczywistą prawdę, przyczynia się do tryumfu Putina. Jasne?
— Donald Tusk (@donaldtusk) March 4, 2025
«Суверэнная, празаходняя Украіна, здольная абараніць сябе ад расійскай агрэсіі, азначае больш моцную і бяспечную Польшчу. У разгар палітычных узрушэнняў і росту хаосу гэта самае галоўнае. Любы, хто ставіць пад сумнеў гэтую відавочную ісціну, спрыяе трыумфу Пуціна. Ясна?» — напісаў Туск у Х.
Нагадаем, паводле інфармацыі Bloomberg, які першым паведаміў пра рашэнне адміністрацыі Дональда Трампа, пад прыпыненне трапляе:
- зброя, што транспартуецца самалётамі і караблямі;
- абсталяванне ў транзітных зонах у Польшчы;
- тэхніка, якая рыхтуецца да адпраўкі.