Расія мінулай ноччу нанесла масіраваны ўдар па Украіне, задзейнічаўшы ракеты і беспілотнікі. Мэтай зноў былі ўкраінскія энергааб’екты. Пра гэта паведаміў прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі.
«Чарговы расійскі масіраваны ўдар. Сярэдзіна зімы і мішэнь для расіян нязменная: нашая энергетыка. Сярод цэляў — газавая інфраструктура і энергетычныя аб’екты, якія забяспечваюць нармальнае жыццё людзей», — напісаў Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале.
У Паветраных сілах Украіны паведамілі, што для ўдару Расія выкарыстала 43 ракеты розных тыпаў паветранага, наземнага і марскога базавання, а таксама 74 беспілотнікі. 30 ракет і 47 БПЛА былі збітыя, яшчэ 27 беспілотнікаў былі лакацыйна страчаныя.
«Праціўнік атакаваў аб’екты ўкраінскай энергетыкі, у прыватнасці, газавую інфраструктуру на Харкаўшчыне, Львоўшчыне і Івана-Франкоўскай вобласці. На жаль, у выніку расійскай атакі ёсць паражэнне аб’ектаў», — дапоўнілі вайскоўцы.
Улады Львоўскай і Івана-Франкоўскай абласцей паведамілі пра траплянні ў аб’екты крытычнай інфраструктуры. На шчасце, абышлося без пацярпелых.
Праз абстрэл заходніх абласцей Украіны польскія паветраныя сілы падымалі ў неба знішчальнікі.
«Прынятыя меры скіраваныя на забяспечанне бяспекі на тэрыторыях, якія мяжуюць з пагрозлівымі раёнамі», — заявілі ў аператыўным камандаванні Узброеных сіл Польшчы.
Міністэрства абароны Расіі заявіла, што мэтай атакі былі «крытычна важныя аб’екты газа-энергетычнай інфраструктуры, якія забяспечваюць працу вайскова-прамысловага комплексу Украіны». Там сцвярджаюць, што мэта ўдару была дасягнутая — усе прызначаныя аб’екты пашкоджаныя.