Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Троллейбусная сеть Минска — крупнейшая в мире. Почему от этого транспорта отказываются во многих странах, несмотря на экологичность?
  2. Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным завысіў яўку на мінулых выбарах і колькасць галасоў у сваю падтрымку
  3. У Беларусі даражэе аўтамабільнае паліва. Гэтым разам не на капейку
  4. Военные аналитики: Украина начала вывод своих войск из Курской области
  5. Кредиты на автомобили Geely снова подорожали. Под какие проценты сейчас выдают эти займы и сколько придется переплатить банку за 10 лет?
  6. Рынак нерухомасці, відавочна, чакае новая рэальнасць. З чым гэта звязана і які прагноз у экспертаў
  7. Мобильные операторы анонсировали изменения. Есть предупреждение для клиентов — важно сделать одно действие, чтобы не остаться без связи
  8. «У нас іншага шляху не было». Пагаварылі з экс-сілавіком, які перасякаўся з генпракурорам Шведам і быў паранены на пратэстах 2020-га
  9. Большасць людзей у свеце дыхае брудным паветрам. Нормам СААЗ адпавядаюць толькі сем краін
  10. Калі ў Польшчы жанчына нараджае без мужа, гэта здзіўляе. Гінеколаг з'ехала з Беларусі пасля пратэстаў, а цяпер да яе стаяць чэргі ў Польшчы
  11. Зяленскі выказаўся наконт сітуацыі ў Курскай вобласці
  12. Кіроўцы аўтобусаў сцвярджаюць, што на мяжы з Літвой «трасуць жорстка». Ці павялічыўся час праходжання?
  13. Политика Трампа может напоминать хаос, но это не так: его тактику еще десять лет назад изучил американский журналист. Вот что он писал
  14. Гэты аналітык пяць гадоў таму прадказаў, што Турчына прызначаць прэм'ерам. Спыталі, ці стане ён пераемнікам Лукашэнкі
  15. Аднаўленне ваеннай дапамогі, неадкладнае спыненне агню: пра што дамовіліся ЗША і Украіна на першай сустрэчы па міры
  16. ISW: Путин может устроить торги и потребовать взамен на 30-дневное прекращение огня различные уступки
  17. Вырашылі праверыць інфармацыю ад BYPOL і паспрабавалі ўладкавацца ў дзяржарганізацыі з подпісам за Бабарыку. Расказваем, што з гэтага выйшла
  18. Путин согласен с предложением прекратить боевые действия в Украине, «но есть нюансы»
  19. Прадстаўнік Крамля: Масква супраць часовага перамір'я
Читать по-русски


«Мой зяць спачатку вырашыў з’ехаць. Прагуляўся да Казахстана, патраціў 800 даляраў, а потым вярнуўся і цяпер дома з сям’ёй. Я сам тыдні два з лішкам з раніцы і да позняй ночы — людзі, сустрэчы, кансультацыі, перажыванні», — так з 21 верасня, калі Пуцін абвясціў мабілізацыю, жыве крымскі татарын Абдула. У канцы інтэрв'ю ён прызнаўся, што ў гэтым рытме марыць проста выспацца. Яшчэ вельмі хоча, каб яго народ больш не пакідаў Крым, але дапамагае людзям з’ехаць: так яны не пойдуць ваяваць супраць украінцаў на баку Расіі. Яна адабрала ў мужчыны дзяржаву і сыноў. Мы пагаварылі з Абдулой і іншымі крымскімі татарамі пра мабілізацыю і рэпрэсіі ў анексаваным Крыме. Магчыма, чытаючы іх аповеды, вы адчуеце, што нешта падобнае проста цяпер назіраеце самі.

Митинг, посвященный массовой депортации крымских татар в 1944 году, Евпатория, Крым, 18 мая 2019 года. Фото: Reuters
Мітынг, прысвечаны масавай дэпартацыі крымскіх татараў у 1944 годзе, Еўпаторыя, Крым, 18 траўня 2019 года. Фота: Reuters

«Мой пляменнік зусім не матываваны ваяваць: ён душой — праўкраінскі»

— У маёй найбліжэйшай сяброўкі ёсць крэўныя ў Беларусі, і яе мама ездзіць у Магілёў. Я яе яшчэ да 2014-га прасіў расказваць мне, што ў вас там адбываецца, бо разумеў, што рэжым, які пабудаваў Лукашэнка, — гэта катастрофа. І нават тое, што яна мне тады мякенька расказвала, палохала. А потым мы самі аказаліся ў катастрофе. Калі нас хапнула Расія, у Крыме пайшло тамтэйшае адценне — беларускае. І тады ўсе пачалі ўсяго баяцца, свабода слова наогул зрабілася марай, досыць сур’ёзна рэпрэсіўны рэжым запрацаваў — людзі схаваліся: не афішуем свае настроі думак, думкі, — расказвае крымскі татарын Сейдамет.

За некалькі месяцаў да абвяшчэння ў Расіі мабілізацыі, у чэрвені, калі мужчына ляжаў у бальніцы пасля аперацыі, патэлефанавала спалоханая маці: яго шукалі людзі з ваенкамата.

— Не ведаю, можа, спісы складалі на будучыню. Тады доктар сказаў, што з маім захворваннем будзе адтэрміноўка на паўгода, а далей — ці камісія ВКК, ці ўжо прыдатны да службы. У войску я не служыў, ваеннай спецыяльнасці няма — я псіхолаг, кандыдат псіхалагічных навук. Але па ўзросце падыходжу: прызыў на простых салдафонаў — да 50 гадоў.

Сейдамету цяпер 48. Ён упэўнены, што большасць беларусаў не падтрымлівае вайну, як ён сам і яго народ, што застаўся на паўвостраве пасля расійскай анексіі. Таму калі ў пачатку верасня яго пляменніку прыйшла позва з ваенкамата, сям’я яе праігнаравала.

— Ён у нас зусім не матываваны ваяваць — ён душой праўкраінскі і па крыві напалову ўкраінец. І з якім псіхалагічным багажом ён павінен трапіць у тыя ўмовы? А ён падыходзіць па ўсіх артыкулах і як мінімум пад восеньскі прызыў трапіў бы без варыянтаў. Калі хтосьці з нашых і падтрымлівае Расію і вайну — гэта адзінкавыя выпадкі, і гэтыя людзі ўжо, мяркую, не крымскія татары. Наш народ — міралюбны, любіць Украіну.

Каб не трапіць пад мабілізацыю, мужчына з’ехаў з Сімферопаля і вывез пляменніка.

— Родныя спачатку казалі: «Ой, а калі мы ўсе паедзем?!» Але трэба думаць пра тых, хто ў новых умовах можа моцна пацярпець. Вакол стала чуваць пра непрымальныя спосабы мабілізацыі: заязджалі ў навучальныя ўстановы, у невялікія паселішчы і падманам выцягвалі людзей. Хтосьці, што называецца, проста выйшаў — і трапіў. Ніхто не разглядаў, што чалавек, наогул, можа адмовіцца ісці на вайну, таму што ён грамадзянін іншай дзяржавы, з якой вы невядома навошта развязалі канфлікт. На ўсё закрываюцца вочы, логікі няма — усім стала страшна.

Многія не разумеюць: «А што ж вы раней не выязджалі?» Для крымска-татарскага народа немагчыма жыць па-за Крымам. Ды ўсё глупства, татарын памрэ дома, і яму нармальна. Проста цяпер ён памерці ганебна не хоча! Разумееце, ты апынешся не з таго боку, супраць сваіх блізкіх людзей — вось што самае жудаснае. І калі загінеш, то ганебна, агідна! Загінуць у імя чагосьці — зусім іншае, — тлумачыць суразмоўца.

Резервисты, призванные во время мобилизации, на церемонии отправки. Севастополь, Крым, 27 сентября 2022 года. Фото: Reuters
Рэзервісты, прызваныя падчас мабілізацыі, на цырымоніі адпраўкі. Севастопаль, Крым, 27 верасня 2022 года. Фота: Reuters

У іншай краіне Сейдамет з 25 верасня, але выехаць ён спрабаваў яшчэ ў першыя тыдні вайны, баючыся рэпрэсій за антываенную пазіцыю.

— Я ў Крыме шмат вякаў, што называецца. Мяне многія прасілі заторкнуцца — пасля кожнага паста ў сацсетках чакалі, што заўтра магу знікнуць. Калі прынялі «закон аб фэйках», пайшлі пагрозы: «Ты будзеш наступным». Я з’ехаў, але гэтая туга па Радзіме — я яе нават апісаць не магу! З кожным кіламетрам мне рабілася дрэнна. Калі ўжо было вырашанае пытанне з перасячэннем мяжы, я зразумеў, што магу ўбачыць свабоду — вунь яна, толькі руку выцягні — і вырашыў застацца, пакуль не ўзнікне больш мэтазгодная нагода выбірацца. Таму што я адчуў сябе як адчувалі нашы бацькі, калі іх гвалтоўна дэпартавалі. Развярнуўся і прыехаў дадому.

Сейдамет лічыць сябе крымскім татарынам з украінскім грамадзянствам, хоць апошнія восем гадоў жыў пры ўладзе Расіі, а нарадзіўся ва Узбекістане, куды яго сям’я трапіла пасля дэпартацыі. Мужчына памятае, як з бацькамі вяртаўся ў Крым, і тлумачыць, чаму яго народу так цяжка даюцца рашэнні пакінуць гэтую зямлю, нават калі заставацца небяспечна.

— У 1944-м нас абвінавацілі ў здрадзе — нібыта мы з фашыстамі былі заадно — і выселілі. Дэпартаваных народаў у СССР было шмат, але ў 1957 годзе большасць вярнулася. А крымскататарскі народ не меў гэтай магчымасці! Нас проста спрабавалі растварыць, асіміляваць у Кыргызстане, Узбекістане, Таджыкістане. А галоўным жаданнем было вярнуцца. Памятаю, 9 ліпеня 1989 года мы на шасці машынах прыехалі. Я пятнаццацігадовым пацаном ступіў на крымскую зямлю. Для ўсяго народа вяртанне — гэта было нешта грандыёзнае! За шмат гадоў выпакутаванае. Таму кінуць зноў радзіму — межы крымскіх гор, мора — для многіх наогул невырашальная задача, асабліва для пажылых. Таму ў 2014-м анексія была жахлівым ударам, але большасць нашых разумела, што яны пад прыгнётам рэпрэсій, з адсутнай свабодай слова, але застануцца ў сябе дома.

У траўні 1944 года крымскататарскае насельніцтва дэпартавалі з Крыма — савецкая ўлада абвінаваціла народ у супрацоўніцтве з нацыстамі і здрадзе радзіме. Выселілі 238 тысяч чалавек, з іх у першыя паўтара года ад «голаду, холаду, хвароб, невыносных умоваў» у месцах спецпасяленняў памерлі 110 тысяч.

Падчас сталінскіх рэпрэсій дэпартацыі падвяргаліся многія народы. Для крымскататарскага нефармальную забарону на вяртанне на паўвостраў знялі ў 1989 годзе. За чатыры гады ў Крым прыехалі 250 тысяч чалавек.

«Крычалі ўначы, што камусьці кепска, чалавек адкрыў дзверы — і яму ўручылі позву»

— Для нашага народа пакінуць Радзіму — трагедыя, таму што мы вельмі доўга за яе змагаліся, — кажа і 27-гадовы Ільдар (імя змененае), ён таксама з Сімферопаля. — Адчуванне ад гэтай самадэпартацыі, што ўмовы так склаліся і мы вымушаныя бегчы, — вельмі балючая рэч.

Першыя два дні пасля абвяшчэння Пуціным мабілізацыі Ільдар правёў у «дзікім стрэсе». Тады, расказвае, у чатах мільгалі паведамленні пра з’яўленне блокпастоў у рэгіёнах — ён пачаў баяцца, што на вуліцы будуць спыняць машыны і ўручаць мужчынам позвы. Таму 23 верасня пакінуў Крым. З сябрам скінуліся на таксі. Разам з імі ў машыне былі яшчэ тры хлопцы і сям’я з дзіцем.

— Я не служыў у войску, але было ясна, што ў першую чаргу бяруць крымскіх татараў, што пачаліся аблавы. Па чатах бачыў, што асабліва старанна хадзілі да нашых у месцы кампактнага пражывання. Гэта паселішчы, якія ўзніклі на месцах лагераў — калі крымскія татары вярталіся, улада гэтаму перашкаджала, не давала зямлі. На некаторых тэрыторыях людзі проста забівалі калкі, ставілі намёты, а потым там з’явіліся дамы. Пазней гэтую зямлю законна прыватызавалі, — тлумачыць хлопец.

Крымский татарин Равшан моет посуду в своем жилище в поселке Строгановка. Крым, 2 марта 2017 года. Фото: Reuters
Крымскі татарын Раўшан мые посуд у сваім жытле ў пасёлку Строганаўка. Крым, 2 сакавіка 2017 года. Фота: Reuters

— Дык вось быў выпадак, калі крычалі ўначы, што камусьці кепска, чалавек адкрыў дзверы — і яму ўручылі позву. У пасёлку, дзе жывуць мае бацькі, на той момант людзей моцна забіралі — кожны дзень то таго, то іншага. Да кагосьці на вуліцы падыходзілі, да кагосьці — на працы, да кагосьці — дома. Бралі і астатніх крымчан, не толькі нашых. Але бацькі разумелі, што мне трэба бегчы.

Каб перасекчы мяжу Расіі і Казахстана, Ільдару давялося шукаць аўтамабілі крымскага рэгіёна і прасіцца да іх, таму што таксістаў ужо не прапускалі. Хлопец кажа, што такія машыны былі паўсюль.

— Не ведаю, які з іх працэнт — менавіта крымскія татары. Але тады і цяпер людзі ўстрывожаныя праз мабілізацыю, вельмі напалоханыя. З маіх сяброў, сваякоў крымскіх татараў выехала, можа, 70%. Для нас гэта вельмі шмат.

Паводле звестак прадстаўніцтва прэзідэнта Украіны ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым на 3 кастрычніка, пасля абвяшчэння мабілізацыі паўвостраў пакінулі больш за 10 тысяч чалавек, «значная частка з іх — крымскія татары».

«Аднаго забралі ці то ў перадынсультным стане, ці то ўжо пасля інсульту. Іншага — з пухлінай»

Па-крымскататарску горад Белагорск, адкуль праваабаронца і юрыст Абдула (імя змененае), называецца Карасубазар, ён знаходзіцца паміж Керччу і Сімферопалем. У гэтым у раёне з 65 тысяч насельніцтва каля 40% — крымскія татары. Так кажа Абдула, афіцыйна — на 10% менш. У рэгіёне таксама вялікая ўкраінская супольнасць, але яе ён ужо прылічае да рускіх: «Яны прыкладна адных пазіцый — толькі назва засталася, што яны этнічныя ўкраінцы».

21 верасня Абдула быў у дарозе, калі патэлефанавала жонка і расказала пра абвяшчэнне мабілізацыі. На наступны дзень мужчына пачаў даведвацца, што людзям раздаюць позвы: адным — дома, іншым — на працы, а трэцім — «дзе зловяць».

— Там указвалі, што яны да 6 раніцы 23 верасня мусяць прыбыць да месцаў збору. Я сам туды пайшоў да гэтага часу, таму што тэлефанавалі і паведамлялі рознае па колькасці позваў нашым. Калі я прыйшоў, ля ваенкамата ў Белагорску было шмат людзей. У нашым раёне тады раздалі 300 позваў, а прыйшлі па іх трошкі больш за 200 чалавек. Пра лічбы, якой нацыянальнасці больш, баюся казаць: дакладных не ведаю. Нашых у натоўпе візуальна было менш. Але ж не прыйшло яшчэ каля сотні! Гэтыя людзі выехалі за ноч з Крыма, у асноўным — татары. Тады, калі ўсіх падлічыць, нашых, выходзіць, прызвалі больш.

Кіраўнік Меджліса крымскататарскага народа (Нацыянальны сход, прадстаўнічы орган. У Расіі Меджліс крымскіх татараў прызнаны экстрэмісцкай арганізацыяй) Рафат Чубараў у інтэрв'ю «Радыё Свабода» казаў, што з пяці тысяч чалавек, якія атрымалі ў Крыме позвы, 80−90% — прадстаўнікі крымскіх татараў. У прадстаўніцтве прэзідэнта Украіны ў Крыме заяўлялі, што толькі за першыя тры дні позвы атрымала больш за 1500 татараў.

Крымские татары во время мусульманского праздника Курбан-байрам. Саки, Крым, 20 июля 2021 года. Фото: Reuters
Крымскія татары падчас мусульманскага свята Курбан-байрам. Сакі, Крым, 20 ліпеня 2021 года. Фота: Reuters

Крымскататарская праваабаронца і юрыстка з Сімферопаля Зарэма (імя змененае) у апошні месяц таксама пастаянна кансультуе людзей па мабілізацыі. Да яе масава ішлі і рускія, і ўкраінцы, але часцей — крымскія татары.

— Усе, хто да мяне звяртаўся, катэгарычна супраць мабілізацыі і ўдзелу ў канфлікце. Частка з іх баіцца, а частка гатовая змагацца і заяўляць пра сваё ўкраінскае грамадзянства. Але тым, хто заяўляў гэта асноўным крытэрам, каб не трапіць пад прызыў, ужо паступалі ўскосныя пагрозы ад уладаў.

Статыстыкі я не праводзіла, колькі каго ў працэнтных суадносінах, але да мяне звярнуўся не адзін малады чалавек, які атрымаў позву ці ўжо знаходзіўся ў навучальным цэнтры. З пяцярых такіх чацвярых мабілізавалі, нягледзячы на кепскае здароўе. Пасля нашай дапамогі аднаго паклалі ў бальніцу: ці то перадынсультны стан, ці то ўжо у яго дыягнаставалі інсульт. Другога адтуль з пухлінай забралі на аперацыю, трэцяму прызначылі медагляд. У гэтых людзей павінная быць адтэрміноўка як мінімум на час лячэння. Па чацвёртым мы пакуль атрымалі адпіску пракуратуры, што падставаў для дэмабілізацыі няма, але працуем далей.

Православный священник проводит службу для резервистов, призванных в рамках мобилизации. Севастополь, Крым, 27 сентября 2022 года. Фото: Reuters
Праваслаўны святар праводзіць службу для рэзервістаў, прызваных у рамках мабілізацыі. Севастопаль, Крым, 27 верасня 2022 года. Фота: Reuters

Як гэтыя людзі аказаліся ў вайсковай форме, калі не хочуць ісці ваяваць? Па словах Зарэмы, некаторых выклікалі ў ваенкамат па надуманых прычынах, падманам. А за адмову з’явіцца па позве міліцыя ці ФСБ пагражалі крымінальнай справай — і татарам, і ўкраінцам, і рускім.

— «Праверым дадзеныя, здымем копію ваеннага білета». І людзі, давяраючы, пайшлі, а назад не вярнуліся. Яшчэ з лютага многіх выклікалі «замяніць ваенны білет, удакладніць дадзеныя». Тыя таксама не бачылі ніякіх пагроз. Ім там уклейвалі паперку — не тлумачылі якую, а яны самі і не цікавіліся. А пасля абвяшчэння мабілізацыі аказвалася, што ў іх у ваенніку ўжо ёсць мабілізацыйнае прадпісанне, якое па сутнасці замяняе позву і абавязвае самастойна з’явіцца ў ваенкамат. То-бок падрыхтоўка вялася, але людзі ў сілу юрыдычнай непісьменнасці пра яе не ведалі.

— Кагосьці выклікалі па тэлефоне, да кагосьці і ў 11 ночы прыходзілі — старшыні сельскіх саветаў з прадстаўнікамі ваенкамата. У вёсках з гэтым прасцей: увечары людзі займаюцца гаспадаркай, знаходзяцца ў двары — знайсці іх нескладана. Ведаю выпадкі, калі прыцягвалі супрацоўнікаў — крымскіх татараў, прымушалі тэлефанаваць знаёмым: «Я зараз да цябе прыйду. Ты дома?» — «Так, дома». Ты выходзіш — і табе ўручаюць позву. Сігналы пра такі ціск паступалі не з аднаго сельсавета. Некаторыя людзі звальняліся праз прымус разносіць гэтыя позвы з прычыны нацыянальнай прыналежнасці. Чаму іншыя згаджаліся на гэта? Праз рызыку страціць працу, «адмовішся — і на цябе справу завядзём». Для гэтага неабавязкова патрэбныя падставы.

Паводле назіранняў Абдулы, у Крыме ў першую чаргу забіралі тых, хто раней служыў у войску па кантракце і мае баявы вопыт, але ішлі і іншыя.

— У некаторых населеных пунктах імкнуцца падбіраць людзей невысокай маральнай адказнасці, скажам, — выпівак, дэбашыраў. Пад шумок пазбаўляюцца такога кантынгенту, — кажа праваабаронца. Сам ён не ведае, колькі з прызваных у Крыме — татары. — Шукаць прапорцыі ў нашым выпадку не зусім карэктна, таму што для рускіх, можа, і страта пяці мільёнаў ні пра што не гаворыць. А калі нас не так і шмат, кожны страчаны чалавек — праблема. Мы і так з цяжкасцю сюды вярнуліся.

«Нядаўна было пахаванне — крымскі татарын грузам-200 вярнуўся»

Украінскія ўлады, як і Меджліс, лічаць мабілізацыю крымскіх татараў генацыдам. Абдула з гэтым у пэўнай ступені згодны.

— Мужчыны 18−50 гадоў — рэпрадуктыўная частка нашага насельніцтва. Нават сотню мужчын страціць — катастрофа. Гэта ў першую чаргу адбіваецца на нашай дэмаграфіі, колькі гадоў у нас потым будзе тармажэнне ў прыросце? Далей гэта адаб’ецца на сацыяльна-бытавым становішчы нашага народа — гэтыя людзі займаюцца бізнесам, яшчэ чымсьці. Вось я збіраўся паставіць камеры відэаназірання ў сябе — майстры з’ехалі. Хацеў купіць грунт для кветак — людзей, якія яго падвозілі, таксама няма. Знаёмая дзяўчына не можа здымаць свой праект — выехалі ўсе відэааператары. Куды ні кінешся — ва ўсіх нішах нікога няма! Таму гэта адбіваецца па-ўсякаму. Можа, гэта не генацыд наўпрост, але нейкая яго форма.

Я некалі быў у Меджлісе, і ў час перасялення мы пастаянна лічылі, колькі нас ужо тут. Як мы радаваліся ў студзені 1989-га, калі пасля доўгай адсутнасці дайшлі да 50 тысяч чалавек. Як мы радаваліся! І цяпер я бачу, як людзі зноў з’язджаюць з Крыма — гэта вельмі балюча.

«Вельмі балюча» для Абдулы і тое, што кагосьці з крымскіх татараў прызываюць, і ёсць людзі, якія ідуць на вайну з Украінай. Ён расказвае пра знаёмага хлопца.

— Неяк я іду, насустрач — салдат, такі сабе бравы, падцягнуты. Я яго пазнаў. Пытаюся: «Як гэта цябе прызвалі? Ты ж на праграміста вывучыўся». Кажа: «Я служу на кантракце, ужо хутка буду сяржантам. А што тут на грамадзянцы рабіць?» Я яму тады раіў не спяшацца з гэтым — папярэджваў, што наступяць часы, калі давядзецца чырванець, а потым яшчэ і адказваць. Пазней ён сышоў з арміі, але цяпер яго забралі. Мама яго цяпер плача. Так, шкада іх. Але твой сын яшчэ пяць гадоў таму зарабляў у Расіі — трэба было тады плакаць і не пускаць яго ў чужое войска.

Люди на пророссийском митинге в аннексированном Крыму, 2017 год.
Людзі на прарасійскім мітынгу ў анексаваным Крыме з плакатам Пуціна, 2017 год. Фота: TUT.BY

— Але такіх у нас няшмат. Паводле нашых падлікаў, у Крыме татараў каля 400 тысяч (афіцыйна — 235−280 тысяч. — Заўв. рэд.), каля 10% выехала пасля 2014-га. Дык вось з усіх набярэцца паўсотні-сотня тых, хто пайшоў на вайну. Дзівакоў ва ўсіх хапае, і ў нас ёсць добраахвотнікі, але іх вельмі мала. Не ведаю, чым кіраваліся гэтыя людзі. Нядаўна з Джанкоя патэлефанавалі, там было пахаванне — крымскі татарын, 42 гады, кантрактнік, грузам-200 вярнуўся. Разумееце, кантрактнікам звычайна як ідуць у мірны час? Не рэалізаваўся нідзе, сябе не знайшоў, нічога рукамі рабіць не ўмее — вось ён і ідзе на службу: заробак нейкі, са складаў паліва, запчасткі, абмундзіраванне, можа, можна прадаваць. Але ён забывае, што людзям у пагонах часам даводзіцца яшчэ і ваяваць.

Крымскія татары, якія засталіся на паўвостраве, кажа Абдула, цяпер імкнуцца «сядзець у цішыні». Мужчыны часта не жывуць па прапісцы, радзей выходзяць на вуліцу. Адмаўляюцца гаварыць з журналістамі пра мабілізацыю нават ананімна.

— Выходзіш у горад, у мячэць ідзеш, там звычайна шмат прыхаджан у пятніцы, а цяпер часта мужчын 20−50 гадоў мала відаць: сядзяць па норах (смяецца). У Крыме людзі ўсяго баяцца — пры гэтай дзяржаве не баяцца нельга. Таму спрабуюць прымаць меры засцярогі. Сем'і жывуць з замкнутымі дзвярыма, адчыняе цяпер звычайна жанчына-маці, сястра, жонка. Каб, калі прынясуць позву, неяк падмануць, што мужчыны няма дома, па-іншаму адвесці ад яго бяду. Таму, калі ідзеш у госці, трэба тэлефанаваць, што ты свой. А часам прыходзіш да каго-небудзь — нейкія маладыя людзі хаваюцца там. У мяне ў самога двое хлопцаў жыло. Калі напружанне спадае, усе вяртаюцца па дамах. Але мы ведаем, што расслабляцца нельга, што кіраўнік хлусіць, — мяркуе Абдула.

Крымские татары во время мусульманского праздника Курбан-байрам в городе Саки, Крым, 20 июля 2021 года. Фото: Reuters
Крымскія татары падчас мусульманскага свята Курбан-байрам. Сакі, Крым, 20 ліпеня 2021 года. Фота: Reuters

Суразмоўца не разумее, чаму тады ля ваенкамата сустрэў 200 чалавек, якія з’явіліся па позве, і чаму сярод іх былі і крымскія татары, бо яго народ у асноўным не падтрымлівае гэтую вайну.

— Мы атаясамліваем сябе з Украінай і па грамадзянстве лічым сябе ўкраінцамі, а ваяваць наогул не хочам. Мы ніяк не можам быць прызваныя Расіяй — гэта дзяржава, якая нас і высяляла, і знішчала. Супраць яе — калі ласка, за яе — не. Ну і Расіі, напэўна, таксама трэба разумець, што ёй нельга нам давяраць. Мы ў любым выпадку не можам ёй быць адданымі. Наадварот, многія з нас не разумеюць тых, хто топіць за РФ. Няўжо можна так усё забыць і дараваць? Можа, таму апошнім часам калі і выхопліваюць людзей, нашых, здаецца, ужо не чапаюць. А чаму наогул бяруць? Можа, для прапаганды — маўляў, глядзіце, супраць Украіны ваююць і татары.

Сярод сваякоў Ільдара ёсць тыя, хто атрымаў позву, а сярод калег — тыя, хто верыць прапагандзе. Сам ён лічыць, што Расіі ўласціва адпраўляць на вайну ў першую чаргу карэнныя народы і берагчы рускіх. У яго ёсць сваё тлумачэнне, чаму бяруць нязгодных крымскіх татараў, а не расіян якія падтрымліваюць Пуціна.

— Калі ехаў праз Астрахань, мясцовыя казахі казалі, што цяпер там намагаюцца забіраць менавіта іх. У іншых рэгіёнах Расіі, тая ж Тува, таксама выграбаюць карэнны народ. Таму для мяне гэта мэтанакіраваная палітыка дзяржавы, рускіх ваенкамаў. Крымскіх татараў, думаю, забіраюць, каб кідаць на гарачыя лініі як гарматнае мяса. У іх была тактыка цынічнай разведкі боем з мабілізаванымі ДНР — былі сведчанні, калі іх так выкарыстоўвалі, каб вылічыць баявыя пункты ўкраінскіх войскаў, па якіх потым ужо будуць працаваць кантрактнікі, прафесійныя вайскоўцы.

Здагадка Ільдара супадае з заявай Генштаба УСУ — там у канцы верасня казалі, што «расійскім камісарам даручылі перш за ўсё прызываць менавіта крымскіх татараў» і накіроўваць іх у часткі, «якія выконваюць задачы ў раёнах найбольш інтэнсіўнага вядзення баявых дзеянняў». Сам Ільдар не пайшоў бы на вайну, нават калі б можна было трапіць на «ціхія» напрамкі, і не лічыць, што нешта павінны дзяржаве, якая пасля анексіі выдала яму свой пашпарт.

— Я супраць Расіі, для мяне непрымальна было служыць у расійскай арміі, даваць прысягу Расійскай Федэрацыі, таму я ўвесь час касіў. І тым больш у мяне ў галаве не ўкладваецца, як ісці за яе ваяваць. Я выбраў з’ехаць, але для сябе разумеў: калі прыйдзе позва, лепш сяду ў турму.

Я не лічу, што ў мяне ёсць грамадзянства РФ — я восем гадоў знаходзіўся на акупаванай тэрыторыі. Расія можа што заўгодна лічыць, але гэта толькі яе меркаванне, навязанае сілай. Як і яе пашпарты — без іх ты проста не пражывеш у Крыме, не можаш вучыцца і працаваць, табе банальна меддапамогі не акажуць. Таму тое, што яны раздалі свае аўсвайсы, ні да чаго не абавязвае.

«Расія — гэта такая драпежная арганізацыя, а рэпрэсіі — яе лад жыцця»

Апошнім часам паніка ў народзе паступова сціхае, заўважае Зарэма. Але людзі ўсё яшчэ напалоханыя рызыкай мабілізацыі і рэпрэсій, пад якія трапляюць з моманту анексіі паўвострава.

— Крымскія татары цяпер пад пільнай увагай. У нас ёсць так званыя блогеры, якія «змагаюцца» з тымі, хто адкрыта не падтрымлівае СВА ці проста маўчыць. Прыцягнулі за дыскрэдытацыю расійскай арміі і звольнілі настаўніка, прыцягваюць да адказнасці бізнесоўцаў, якія здаюць свае залы для нейкіх мерапрыемстваў. У школах за вучнямі таксама сочаць — ведаю выпадак, калі склалі адміністрацыйны пратакол на сям’ю крымскіх татараў, якая пераехала з Марыупаля. Іх дзіця ў першым класе, калі настаўніца дала заданне намаляваць сцяг сваёй краіны — намалявала ўкраінскі. Натуральна, было апляванае вучнямі, а бацькі атрымалі штраф «за неналежнае выкананне сваіх абавязкаў». За тое, што дзіця казала, што на Марыупаль ляцелі расійскія бомбы. Таму ў Крыме людзі імкнуцца паміж сабой абмяркоўваць, калі будзе працягвацца мабілізацыя або вырасце ўвага да татараў — як быць і як супрацьстаяць гэтаму беззаконню.

Митинг пророссийских сторонников в Симферополе. 23 февраля 2014 года. Фото: Reuters
Прарасійскі мітынг у Сімферопалі. Крым, 23 лютага 2014 года. Фота: Reuters

— Цяпер мы бачым, як спрабуюць кансультацыю па законнай адмове ад мабілізацыі расцэньваць як супрацьдзеянне гэтай мабілізацыі. Выказваюцца пазіцыі прыцягваць да адказнасці юрыстаў, а з улікам спецыфікі Крыма гэтая небяспека ў разы ўзрастае, — тлумачыць Зарэма, чаму ёй і самой можа быць небяспечна працаваць.

Небяспечна і проста выказвацца на тэму вайны, таму пазіцыю людзей часам няпроста адсачыць у сацсетках — «усе ведаюць, што будуць праблемы».

— Я пасля 2014-га займаўся дзейнасцю, звязанай з крымскататарскай культурай, і ФСБ паўсюль ставіла палкі ў колы, — кажа Ільдар. — Нельга было збірацца нават каб проста адсвяткаваць Дзень сцяга — усе культурныя мерапрыемствы дазваляліся выключна калі яны прарасійскага характару. У школах ёсць негалосная забарона на ўрокі крымскататарскай. У выніку я стварыў нейкую сваю бурбалку, далей ад дзяржавы, жыў, займаўся самаадукацыяй — восем гадоў прачакаў дэакупацыі і да гэтага часу працягваю яе чакаць.

У мяне ёсць сябры, якіх пасадзілі, ёсць знаёмыя, якія зніклі. Крымскіх татараў кожны год граблі пад выглядам тэрарыстаў. Вось год таму затрымалі Нарымана Джаляла — нібыта ён хацеў зладзіць тэракт на газаправодзе. Хоць усе ведаюць, чаму яго ўзялі — у яго была адкрытая праўкраінская пазіцыя, ён быў на «Крымскай платформе» (ініцыятыва для вяртання пытання Крыма ў міжнародны парадак дня, а яго самога — у склад Украіны. — Заўв. рэд.).

Татараў расійскія ўлады каралі за пасты, сцягі, яны забаранялі арганізацыі, дадае Сейдамет.

— Ялцінская, Сімферопальская, Бахчысарайская справа. Людзей абвінавачвалі ў тэрарыстычнай дзейнасці і давалі ім шалёныя тэрміны за падкінутыя кніжкі, а ў іх падчас ператрусу нават іржавага пісталеціка на знайшлі. Нядаўна вынеслі прысуд залатому хлопцу, Нарыману Джалялу, — нібыта ён нейкі дыверсант. Поўны абсурд! Ён проста называў рэчы сваімі імёнамі. Яго асудзілі на падставе паказанняў засакрэчанага сведкі. Ніхто нават не ведае, як гэты сведка выглядае. Але гэтага дастаткова, каб Нарыману далі 17 гадоў і яшчэ двум братам, Азізу і Асану Ахтэмавым, — 13 і 15 гадоў. У іх паказанні выбівалі пад самымі жорсткімі катаваннямі. За што? А за любоў да Радзімы. За любоў да свабоды. За любоў да Украіны.

— Вось так у нас у Крыме людзі пазбаўляюцца працы, свабоды, самае страшнае — жыцця, а ў нас шмат людзей знікла. Як здарылася з крымскататарскім актывістам Эрвінам Ібрагімавым: людзі ў форме ДІБДР спынілі яго машыну, і больш ніхто не ведае, дзе ён.

Гэта самае страшнае для бацькоў, лічыць Сейдамет, — не ведаць, дзе тваё дзіця. А 62-гадовы Абдула, які цяпер дапамагае людзям не трапіць у рукі ваенкамаў, калісьці ўсё гэта прайшоў.

— Адзін мой сын з’ехаў яшчэ ў 2012 годзе. У яго, відаць, былі свае пытанні да Расіі, хоць ён быў яшчэ малады. Ён ваяваў у Сірыі супраць яе і загінуў. Цяпер яму было б 30. Другому сыну, калі ён жывы, у лістападзе споўніцца 27. Выкралі эфэсбэшнікі ў 2014-м. Яго і пляменніка запхнулі ў машыну, нічога пра іх да гэтага часу нічога не ведаем. Пляменніку тады было 23, сыну — 18. Старэйшая дачка мая потым пераехала ў Кіеў. На мяжы, калі ездзіла ў Крым, яе пастаянна тузалі, яна нервавалася. А потым перавярнулі кватэру, пакуль яе не было дома. Рука ФСБ і туды дабралася. Пасля ўсіх гэтых удараў яна захварэла на рак і памерла тры гады таму. Але нічога, са мной побач малодшая дачка… ёсць пляменнік, зяці. Таму мяне і маю сям’ю мабілізацыя, вядома, таксама вельмі трывожыць. Хочацца, каб нашы дзяўчынкі, дочкі жылі шчасліва, са сваімі мужамі не расставаліся… Вось такая абстаноўка вакол цяжкая. Расія — гэта такая драпежная арганізацыя, а рэпрэсіі — яе лад жыцця.

Митинг, посвященный массовой депортации крымских татар из Крыма в 1944 году, в селе Сирень Бахчисарайского района, Крым, 18 мая 2019 года. Фото: Reuters
Мітынг, прысвечаны масавай дэпартацыі крымскіх татараў у 1944 годзе. Сяло Сірэнь, Крым, 18 траўня 2019 года. Фота: Reuters

Цяпер, хоць рызыка мабілізацыі яшчэ застаецца, Зарэма заўважае тэндэнцыю на вяртанне ў Крым тых, хто нядаўна з’ехаў. Па словах Абдулы, многія прыязджаюць назад, таму што не цягнуць выдаткі на жыццё ў іншай краіне. Ільдар, хоць ведае, што за месяц яму не прыходзіла позва, не хоча рызыкаваць і застаецца за мяжой.

— Адчуванне, што з мабілізацыяй гэта толькі пачатак. І калі дабяруцца да мяне — проста пытанне часу. Я вельмі чакаю дэакупацыі і спадзяюся, што летам яна будзе — у Крым я магу вярнуцца толькі з украінскімі войскамі.

Сейдамет хоча вярнуцца на паўвостраў, але таксама ўжо пры іншай уладзе, і канкрэтных дат не загадвае.

— Калісьці ў 2016-м я задыхнуўся ад несвабоды, якую мне прапаноўвалі як манну нябесную. Я не мог! Я сапсаваны ўкраінскім свабадалюбствам. Хоць яно часам даходзіла да ўзроўню анархіі, але мне ўсё роўна падабалася! Тады я, памятаю, скокнуў у маршрутку і кажу кіроўцу: паехалі ў Кіеў! За месяц надыхаўся гэтай свабодай і вырашыў вяртацца ў Крым, але з устаноўкай, што, калі буду бачыць нешта нядобрае, буду пра гэта гаварыць. Таму я і цяпер імені не хаваю. Але цяпер ужо свет хаця б прачнуўся… на нас жа з 2014 года многія забыліся. Як бы мы ні крычалі, што ў нас адбываецца. Свет забыў, што ў цэлай дзяржавы ў XXI стагоддзі нахабна адкусілі кавалак тэрыторыі і назвалі сваёй. Але Крым яшчэ будзе ўкраінскім, і мы туды вернемся адназначна. А пакуль мне сняцца крымскія горы. Я гуляю там сярод іх, і ўсё добра.