З 30 студзеня 2025 года пачне дзейнічаць бязвізавы рэжым паміж Беларуссю і В’етнамам. Пра гэта паведамляе ўрад азіяцкай краіны.
Згодна з пагадненнем, грамадзяне абедзвюх краін змогуць знаходзіцца на тэрыторыі адна адной да 30 дзён, але агульны тэрмін знаходжання не мусіць перавышаць 90 дзён цягам года.
Пагадненне пра бязвізавы рэжым было падпісанае ў снежні 2023 года.
Аднак В’етнам не можа лічыцца бяспечным месцам для беларусаў, якія пераследуюцца рэжымам. У 2024 годзе Беларусь ратыфікавала пагадненне з В’етнамам пра ўзаемную перадачу асуджаных.
Нагадаем, менавіта з В’етнама ў Беларусь экстрадыявалі экс-байца палка Каліноўскага Васіля Верамейчыка. Пра яго выдачу стала вядома 20 лістапада. Паведамлялася, што экстрадыцыя адбылася пасля запыту беларускага КДБ.