Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным завысіў яўку на мінулых выбарах і колькасць галасоў у сваю падтрымку
  2. Кредиты на автомобили Geely снова подорожали. Под какие проценты сейчас выдают эти займы и сколько придется переплатить банку за 10 лет?
  3. Троллейбусная сеть Минска — крупнейшая в мире. Почему от этого транспорта отказываются во многих странах, несмотря на экологичность?
  4. Кіроўцы аўтобусаў сцвярджаюць, што на мяжы з Літвой «трасуць жорстка». Ці павялічыўся час праходжання?
  5. Военные аналитики: Украина начала вывод своих войск из Курской области
  6. Вырашылі праверыць інфармацыю ад BYPOL і паспрабавалі ўладкавацца ў дзяржарганізацыі з подпісам за Бабарыку. Расказваем, што з гэтага выйшла
  7. У Беларусі даражэе аўтамабільнае паліва. Гэтым разам не на капейку
  8. Политика Трампа может напоминать хаос, но это не так: его тактику еще десять лет назад изучил американский журналист. Вот что он писал
  9. Мобильные операторы анонсировали изменения. Есть предупреждение для клиентов — важно сделать одно действие, чтобы не остаться без связи
  10. Калі ў Польшчы жанчына нараджае без мужа, гэта здзіўляе. Гінеколаг з'ехала з Беларусі пасля пратэстаў, а цяпер да яе стаяць чэргі ў Польшчы
  11. Большасць людзей у свеце дыхае брудным паветрам. Нормам СААЗ адпавядаюць толькі сем краін
  12. Путин согласен с предложением прекратить боевые действия в Украине, «но есть нюансы»
  13. Зяленскі выказаўся наконт сітуацыі ў Курскай вобласці
  14. Гэты аналітык пяць гадоў таму прадказаў, што Турчына прызначаць прэм'ерам. Спыталі, ці стане ён пераемнікам Лукашэнкі
  15. ISW: Путин может устроить торги и потребовать взамен на 30-дневное прекращение огня различные уступки
  16. Рынак нерухомасці, відавочна, чакае новая рэальнасць. З чым гэта звязана і які прагноз у экспертаў
  17. Прадстаўнік Крамля: Масква супраць часовага перамір'я
Читать по-русски


У мінулым месяцы з магілёўскай калоніі № 15 выйшаў на волю палітвязень Аляксей Кірэеў, які адседзеў большую частку свайго двухгадовага тэрміну па «палітычным» артыкуле 342 КК, піша «Радыё Свабода». Кірэеў паведаміў, што ў калоніі спалілі большую частку беларускіх кніг, а таксама знакамітыя раманы Джорджа Оруэла «Ферма» і «1984». Экс-палітвязень таксама расказаў пра стан Аляксандра Фядуты і новыя правілы ў калоніі, скіраваныя на далейшае прыніжэнне і абмежаванне правоў палітвязняў.

Библиотека в ИК №15, март 2023 года. Фото: mogjust.gov.by
Бібліятэка ў ПК № 15, сакавік 2023 года. Фота: mogjust.gov.by

У качагарцы пацвердзілі: «Максім Гарэцкі, сучасныя беларускія аўтары і Оруэл пайшлі ў топку»

Кірэеў паўтара года адседзеў у 15-й калоніі. Былы палітвязень расказвае, што ў пачатку тэрміну ён чытаў беларускія кнігі з бібліятэкі, а ў сакавіку гэтага года большая частка з іх знікла. Паводле мужчыны, ён усё яшчэ бачыў на паліцах творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Пімена Панчанкі і Рыгора Барадуліна, але сучасных беларускіх аўтараў больш няма. Разам з многімі беларускімі кнігамі зніклі і творы Джорджа Оруэла. Што з імі здарылася, палітвязень даведаўся з дапамогай знаёмых у лагеры.

«Усе ведалі, дзе беларускія кнігі — на паліцах проста побач з бібліятэкарам. Памятаю, быў зборнік твораў Максіма Гарэцкага, было таксама шмат кніг маладых аўтараў. Больш нічога няма. І няма кніг па гісторыі, асабліва выдадзеных у пачатку 90-х. Гэта адбылося недзе ў сакавіку. Потым хлопцы з качагаркі расказалі, што да іх прывезлі дзве тачкі з кнігамі і загадалі ўсё спаліць. Былі яшчэ кнігі Оруэла — „Ферма“, „1984“. І не адзін асобнік, а некалькі. Усё пайшло ў топку. Пры мне беларуская паліца ў бібліятэцы была амаль пустая», — расказаў Аляксей Кірэеў.

Фядута схуднеў на 30 кілаграмаў

У той самай калоніі пад Магілёвам трымаюць Аляксандра Фядуту — вядомага літаратуразнаўцу, палітолага, асуджанага на 10 гадоў нібыта за «змову з мэтай захопу ўлады». Паводле Аляксея Кірэева, зняволеным забаронена мець зносіны з Фядутам, таму большасць часу ён «сядзіць у курылцы адзін».

«Там усе ведаюць: хто з ім загаворыць, таго адправяць у ШІЗА», — кажа Аляксей Кірэеў.

Аднак яму ўсё ж удавалася «перакінуцца некалькімі словамі» з Фядутам, бо абодва аказаліся ў падобных умовах праз стан здароўя.

«На Вялікдзень, калі я сядзеў у СІЗА, у мяне здарыўся інсульт, знік зрок на адным воку — адарваўся сасуд. Таму мяне на „промку“ ўжо не бралі, сядзеў у атрадзе. І Аляксандр Фядута, бо ў яго пагаршаўся стан здароўя, таксама заставаўся ў атрадзе. Вось тады і ўдавалася трохі пагаварыць, хоць і хаваючыся. Пра сябе ён казаў каротка: „Цяжка, але трымаюся, змагаюся“».

Аляксей сцвярджае, што цяжкі стан здароўя Фядуты заўважны. «Ведаю, што ў яго ціск, сэрца. Раней назіраў, як раніцай, калі ўсе выйшлі на працу, яму раптам рабілася кепска, хапаўся за агароджу, каб не ўпасці. Потым яго вялі ў медчастку, на тры дні давалі вызваленне ад працы, на „промцы“ яго не было. Але ў іншыя дні ён мусіць працаваць — падмятае ў цэху пасля таго як працы скончацца. Відаць, што стамляецца, яму цяжка. Сам казаў, што схуднеў на 30 кілаграмаў. Дык гэта відаць — скура на ім вісіць».

Былы палітвязень Аляксей Кірэеў расказаў пра ўмовы, у якіх знаходзіцца Аляксандр Фядута.

«Тое самае, што ва ўсіх. Ведаю, што атрымлівае перадачы, ёсць званкі, кароткія спатканні. Сёлета ляжаў у шпіталі ў Калядзічах. Часта выклікаюць на размовы. Але з выгляду — трымаецца», — падсумаваў свой аповед пра Аляксандра Фядуту былы палітвязень Кірэеў.

«Прашэнні напісалі амаль усе палітычныя»

Паводле Аляксея Кірэева, сёлета ўсім палітвязням калоніі прапаноўвалі напісаць прашэнні пра памілаванне і амаль усе, каго ён ведаў, гэта зрабілі.

«Хлопцаў прыводзілі да пракурора, і там яны пісалі заявы. Гэта была прапанова, нікога не прымушалі. Мне заставалася да вызвалення некалькі тыдняў, дык я адмовіўся, а калі б быў яшчэ год, таксама б падпісаў. Чаго там сядзець? Не варта. Але ёсць тыя, хто прынцыпова адмаўляецца. Я гэта ведаю, але не буду называць. Адзінкам з палітычных не прапаноўвалі, як двум анархістам з Брэста. Нядаўна ў нас сядзеў прафсаюзны актывіст Васіль Бераснеў, дык ён спачатку адмаўляўся падпісваць прашэнне, казаў, што ні ў чым не вінаваты, але хлопцы яго ўгаварылі. Цяпер ён на волі. А астатнія чакаюць, можа, будзе вынік. Я думаю, яны будуць вызваленыя. Тыя, каму мала сядзець, застануцца. Гэта такі канвеер: адны выходзяць, іншыя заходзяць. Увесь час з’яўляліся новыя „жоўтабірачнікі“ (жоўтыя біркі з імёнамі выдаюць палітвязням. — Заўв. рэд.)», — успамінае Аляксей Кірэеў пра палітвязняў.

«Зламалі» чаргу ў атаварку

Аляксей Кірэеў расказаў пра харчаванне зняволеных 15-й калоніі. Паводле яго ўспамінаў, мінулым летам у калоніі сітуацыя ў лепшы бок не змянілася.

«Усё тыя ж кашы. А гародніны нават летам як не давалі, так і не даюць. Людзі ратуюцца толькі тым, што нейкія вітаміны купляюць у турэмнай краме», — адзначыў былы асуджаны.

Пры гэтым, паводле Аляксея Кірэева, адміністрацыя калоніі змяніла парадак наведвання крамы, што адбілася на магчымасцях падсілкавацца для палітвязняў.

«З пачатку года ўвялі новы парадак: палітычных цяпер пускаюць у краму асобнай групай. Спачатку заходзяць непалітычныя, потым — зняволеныя з нізкім статусам, і толькі пасля іх — палітычныя. І ніхто не ведае, чаму так. Можа, праз нейкі канфлікт ці быў загад зверху, незразумела. Але відавочна гэта прыніжэнне палітычных і дадатковыя абмежаванні. Бо калі ў апошнюю чаргу заходзіш у краму, там ужо мала чаго засталося. Памідораў, агуркоў ці яблыкаў на ўсіх не хапае, гэта дакладна», — расказаў Аляксей Кірэеў.

Былы вязень кажа, што новы парадак наведвання крамы выклікаў сярод палітвязняў пратэст.

«Спачатку ўсе палітвязні адмаўляліся наогул ісці ў краму. Трымаліся так больш за месяц. Хлопцаў выклікалі на размовы, некаторых нават каралі ШІЗА. Але палёгкі не дамагліся і паступова прывыклі. Як я выйшаў з ШІЗА, то ўжо хадзілі ў краму па новай чарзе», — дзеліцца Аляксей Кірэеў.

Непалітычным у ШІЗА пачалі выдаваць матрацы

За час у калоніі Аляксей Кірэеў прабыў у ШІЗА 97 дзён. Першы тэрмін адбыў яшчэ да каранціну. З апошняга выйшаў толькі таму, што перажыў інсульт, страціўшы зрок на адно вока.

Паводле Аляксея Кірэева, у ШІЗА калоніі № 15 таксама адбыліся перамены.

«Змянілі ж кодэкс, і цяпер максімальна ШІЗА даюць ужо 15 дзён, а не 10, як раней. Але потым дадаюць яшчэ і яшчэ. І другая змена — у ШІЗА пачалі на ноч выдаваць матрацы. Як там кажуць, „вату“. Але толькі непалітычным. Для палітычных па-ранейшаму — кладзіся на голыя дошкі», — расказаў Аляксей Кірэеў.