Расійскі палітык Аляксей Навальны, які памёр у калоніі, напярэдадні трагедыі не выглядаў хворым. У многіх беларускіх палітвязняў сітуацыя са здароўем катастрафічная, кваліфікаваная медыцынская дапамога патрэбная ім проста цяпер, але ўлады не спяшаюцца яе аказваць. Расказваем пра людзей, вымушаных за кратамі і ледзь не ў адзіночку змагацца са страшнымі захворваннямі.
Праблемы са здароўем, якія пачаліся пасля затрымання
Знаходжанне за кратамі забірае ў палітвязняў значную частку здароўя. Стрэсы, умовы ўтрымання і харчаванне толькі спрыяюць узнікненню новых і новых захворванняў.
Падчас знаходжання ў СІЗА ў 66-гадовага старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва дыягнаставалі анкалагічнае захворванне. Увосень 2021 года ён пісаў дачцэ, што медык робіць яму абязбольвальныя ўколы, каб ён мог паспаць ноччу. У яго бралі аналізы, праводзілі абследаванні. Але ў кастрычніку 2023-га стала вядома, што Кастусёву не паведамляюць пра вынікі анкалагічнага даследавання. Акрамя таго, палітык расказваў, што ў яго вельмі баляць і ацякаюць ногі праз моцны варыкоз.
У 68-гадовай палітзняволенай Ірыны Мельхер, якую асудзілі на 17 гадоў па «справе Аўтуховіча», за кратамі здарыўся гіпертанічны крыз, і яе стан толькі пагаршаецца: узніклі праблемы з сэрцам, нервамі. Першы месяц пасля затрымання жанчына не магла спаць, пакуль ёй не выпісалі заспакойлівыя. У Брэсцкім СІЗА ёй дазволілі ляжачы рэжым, але перавялі на верхнюю койку, куды яна не магла залезці самастойна. Гэта стварала дадатковыя складанасці: Ірыне неабходна часта хадзіць у прыбіральню праз праблемы з ныркамі. Але калі яна прачыналася ноччу, то вымушаная была чакаць, пакуль прачнецца хтосьці яшчэ і дапаможа залезці назад.
Вострую сардэчную недастатковасць яшчэ падчас знаходжання ў СІЗА дыягнаставалі ў 59-гадовага палітолага Аляксандра Фядуты. За кратамі ў яго здарыўся прыступ стэнакардыі і арытміі. Нягледзячы на цяжкія праблемы з сэрцам, мужчыну асудзілі на 10 гадоў калоніі, абвінаваціўшы ў «змове з мэтай захопу ўлады». Увосень 2022 года ягоная жонка расказвала, што праз праблемы з сэрцам Фядута не можа ляжаць і нармальна спаць. Палітвязню нават рабілі рэнтген і кардыяграмы, збіраліся праводзіць кансіліум наконт яго сітуацыі, але чым усё скончылася — невядома. У снежні 2022-га Аляксандра этапавалі ў Магілёўскую ПК-15. Адразу пасля гэтага ён трапіў у бальніцу праз праблемы з сэрцам.
Анкалагічныя захворванні, якія складана лячыць за кратамі
Сярод тых, каму тэрмінова патрэбная дапамога, — палітвязні, што трапілі за краты ўжо з анкалагічным захворваннем. Умовы ўтрымання, адсутнасць належнай меддапамогі і агульны стан людзей відавочна не спрыяюць барацьбе з ракам, і часта стан толькі пагаршаецца.
Так, у 29-гадовага палітвязня Паўла Кучынскага рак чацвёртай стадыі, аднак яго асудзілі на чатыры гады і дзевяць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Мужчыну затрымалі за каментар у інтэрнэце. За кратамі ягоны стан значна пагоршыўся, пачаўся запаленчы працэс. У ліпені 2022 года, падчас медыцынска-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі, Паўлу паставілі першую групу інваліднасці — да гэтага ў яго была другая. У канцы верасня 2022-га зняволенага перавялі ў рэспубліканскую бальніцу на Валадарскага. Але, як стала вядома ў снежні 2023 года, курсы хіміятэрапіі Паўлу не дапамагаюць, і хвароба прагрэсуе. Пасля абследаванняў лячэнне мяняюць, але лепш яму не робіцца. Таксама ў яго была кансультацыя з дактарамі з нагоды перасадкі касцявога мозгу, але ва ўмовах пазбаўлення волі зрабіць гэта немагчыма.
Трэцяя група інваліднасці з прычыны раку ёсць у 55-гадовага Уладзіміра Малахоўскага. Яго асудзілі на 3,5 года зняволення па арт. 364 КК (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў). Да затрымання ён чатыры разы праходзіў хіміятэрапію, цяпер яго здароўе вельмі аслабленае.
Стан здароўя 61-гадовай Галіны Дзербыш, якую асудзілі на 20 гадоў калоніі па «справе Аўтуховіча», ускладняецца не толькі анкалогіяй, але і праблемамі з сэрцам. У жанчыны другая група інваліднасці. Адразу пасля затрымання яе змяшчалі ў карцар, дзе Дзербыш некалькі разоў страчвала прытомнасць. Вядома, што неабходныя лекі ёй перадавалі альбо са спазненнем, альбо не аддавалі зусім. Палітзняволеную асудзілі на 20 гадоў калоніі па «справе Аўтуховіча» і ўнеслі ў спіс тэрарыстаў.
62-гадовая Ала Зуева трапіла за краты праз каментары ў інтэрнэце. У яе дыягнаставалі лейкоз крыві падчас працы настаўніцай у школе. Жанчыне давялося звольніцца праз хваробу яшчэ да выхаду на пенсію. Праз кепскі стан здароўя яна пераважна знаходзілася дома, амаль не выязджала з горада. Паводле словаў дачкі, Але трэба пастаянна назірацца ў дактароў, рабіць аналізы, а каб хвароба не прагрэсавала, прымаць патрэбныя лекі. Сімптомы праяўляюцца перыядамі: яна то адчувае сябе дастаткова добра, то ў яе зусім няма сіл, хутка стамляецца, адчувае слабасць, не можа ўстаць, моцна баліць спіна. Нягледзячы на дыягназ, жанчыну асудзілі на 2,5 года пазбаўлення волі. Пачуўшы рашэнне суда, яна сказала, што нават год за кратамі ў яе стане «можна прыраўняць да смяротнага прысуду».
Абвастрэнні: ад пухліны да праблем з печанню
Зняволенне правакуе ў людзей развіццё захворванняў, якія на свабодзе ўдавалася стрымліваць. У такой сітуацыі знаходзіцца журналістка Ксенія Луцкіна, асуджаная на восем гадоў калоніі. Яе абвінавацілі ў змове з мэтай захопу ўлады, прыраўняўшы да дзяржаўнага перавароту стварэнне «альтэрнатыўнага тэлебачання» на YouTube, якім журналістка займалася ў 2020-м.
Задоўга да арышту ў жанчыны дыягнаставалі пухліну ў галаўным мозгу, але наватвор аказаўся дабраякасным, і яго паспяхова выдалілі. З таго часу яна рэгулярна праходзіла абследаванні, і ўсё было ў парадку. Але ў траўні 2021 года, праз паўгода пасля затрымання, пухліна Ксеніі пачала расці. Абследаванне правялі толькі дзякуючы родным, якія прывезлі ў СІЗА доктара, на сам агляд далі ўсяго некалькі хвілін. З таго часу палітзняволеная жыве з цяжкімі болямі, спраўляцца з якімі дапамагае толькі рэгулярны прыём абязбольвальных. У лютым 2023-га яна перахварэла на двухбаковую пнеўманію. Праз стан здароўя журналістку вызвалілі ад працы ў прамысловай зоне ў калоніі.
У цяжкай сітуацыі знаходзіцца 42-гадовы актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Войніч. Яшчэ да зняволення пасля віруснага гепатыту В яго пачаўся цыроз печані, цукровы дыябет, з’явілася пухліна наднырачнікаў. Мужчыну выдалілі жоўцевы пухір, праз што пачалося мноства звязаных з гэтым ускладненняў. Да арышту ён планаваў трансплантацыю печані, штомесяц наведваў доктара. Рашэннем суда Войніча асудзілі на сем гадоў калоніі за «падрыхтоўку і навучанне для ўдзелу ў масавых беспарадках». У пачатку 2022 года маці палітвязня расказвала, што яго двойчы змяшчалі ў ШІЗА, пазбавілі перадач і спатканняў.
Дабраякасная пухліна дыягнаставаная і ў 40-гадовага Руслана Слуцкага. Мужчына асуджаны на 11 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму па абвінавачанні ў «акце тэрарызму». Праз пухліну ў яго здараецца моцны боль у спіне, у выніку ён не заўсёды можа проста ўстаць з ложка. Пры гэтым шпіталізаваць яго адмаўляліся. У лістападзе 2022 года яго ўсё ж паклалі ў бальніцу з пнеўманіяй.
Восенню мінулага года стала вядома, што моцна пагоршыўся стан Паліны Шарэнда-Панасюк: у яе абвастрыліся хранічныя хваробы і пачаліся сур’ёзныя праблемы са зрокам. Падчас спаткання са сваякамі яна выглядала няважна і баялася, што «можа не дацягнуць да вызвалення». Акрамя таго, ёй не дазволілі папрасіць у маці неабходныя лекі: як расказвала палітзняволеная, адміністрацыя СІЗА, дзе яна чакала чарговага суда, проста парэзала ліст з просьбай.
Цяжкі стан: некроз, неабходнасць перасадкі, інфаркт
Значна пагоршылася здароўе ў СІЗА ў 73-гадовага лідара Аршанскага незалежнага прафсаюза РЭП Васіля Бераснева. Мужчына пакутуе ад боляў у адзінай нырцы. На фоне праблем са здароўем у яго значна павысіўся ціск, і цяпер неабходна штодня прымаць адпаведныя лекі. У пачатку траўня 2023 года Бераснева перавялі ў ПК-15, асудзіўшы на 9 гадоў калоніі за «распальванне варожасці», «стварэнне або ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні» і «заклікі да санкцый».
У пачатку кастрычніка 2023 года Васіля тэрмінова адправілі ў Магілёўскую абласную бальніцу. Як піша ПЦ «Вясна», сітуацыя была настолькі крытычнай, што медыкаментознае лячэнне ўжо не мела сэнсу, і палітвязню была патрэбная перасадка. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, яго вярнулі ў калонію ў першай палове кастрычніка, але нырку не перасадзілі. Пра вынікі абследавання мужчыну нічога не паведамілі.
У палітзняволенага музыкі Tor Band Яўгена Бурло, якога асудзілі на восем гадоў пазбаўлення волі, у СІЗА здарыўся рэцыдыў некрозу тазасцегнавых суставаў. Гэтая хвароба была ў яго яшчэ да затрымання. Знаёмыя Яўгена расказвалі, што сваякі звярталіся да кіраўніцтва СІЗА, каб музыка мог атрымаць належнае лячэнне, але там адмовілі. Падчас вынясення прысуду ён быў на мыліцах і нават не мог устаць.
У 56-гадовага Валянціна Колба ёсць інваліднасць праз хваробу сэрца, яшчэ да зняволення ён перанёс інфаркт. Адразу пасля затрымання яму стала кепска, яго пад канвоем даставілі ў Пінскую цэнтральную бальніцу. Там Колба абследавалі, дыягнаставалі перадінфарктны стан і пакінулі для далейшага лячэння. Мужчына нейкі час знаходзіўся ў рэанімацыі. Нягледзячы на гэта, яго асудзілі на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за «ўдзел у масавых беспарадках».
Чытайце таксама