Цягам пяці гадоў актывісты намагаліся, каб хлебазавод у Слуцку адмовіўся ад назвы «Бульбаш» і пачаў выкарыстоўваць на этыкетках беларускую мову. Доўгая праца прывяла да станоўчага выніку. Пра гэта паведаміў актывіст Ігар Случак на сваёй старонцы ў Facebook.

«У 2018 годзе мы пачалі кампанію „Стоп Бульбаш“ як супраць самога абразлівага слова бульбаш, так і супраць літары Ъ, на беларускіх шыльдах і этыкетках. Менавіта супраць хлеба мы тады збіралі подпісы случакоў і падавалі калектыўны зварот. Тады хлебазавод ад меркавання людзей адмахнуўся і прыбіраць абразлівую назву з пакунка хлеба не стаў», — напісаў у Фэйсбуку Ігар Случак.
Актывіст распавёў, што «Слуцкі хлебазавод» выпускаў хлеб з назвай «Бульбаш» з 2007 году. Гэта быў амаль не галоўны брэнд прадпрыемства, які перамагаў на розных конкурсах.
Паралельна актывісты змагаліся за ўвядзенне беларускай мовы на этыкетках прадукцыі гэтага хлебазаводу. У апошнім адказе, які яны атрымалі, пазначана, што прадпрыемства дадала беларускую мову на сайт, а хлеб «Бульбаш» быў зняты з вытворчасці.
«І вось прайшло 5 год, скончваецца 2023 год і мы маем калянкія падарункі — беларуская мова на новых відах прадукцыі Слуцкага хлебазавода з’яўляецца ці не кожны квартал, а хлеб „Бульбаш“ нарэшці зняты з вытворчасці», — напісаў Ігар Случак.
Як бачна з дадзены на сайте хлебазаводу, там ёсць некалькі відаў прадукцыі, якія маюць назву на беларускай мове: «Гаспадар», «Купецкi».