МУС 10 лістапада адсправаздачылася пра тое, што аператыўнікі ў сферы нораваў выявілі 24-гадовую жыхарку Бераставіцкага раёна, якая ў сваёй кватэры «арганізавала парнастудыю». На наступны дзень дзяўчына, вядомая пад нікам LoLi Bela, дала інтэрв'ю YouTube-каналу ЛенТВ24. Яна расказала, што на яе старонцы OnlyFans «прам голага» нічога няма, справу вядзе знаёмы, у якога падазраваная была на вяселлі, а ў Беларусі яна наогул нічога не здымала і не публікавала — з 2020 года дзяўчына ў краіне не жыве.
Увагу на відэа, размешчанае на расійскім YouTube-канале, звярнула «Наша Ніва». Дзяўчына ў інтэрв'ю заявіла, што пра крымінальную справу ёй нібыта паведамілі яе падпісчыкі.
— Многія падтрымлівалі, пісалі, прапаноўвалі супрацоўніцтва. Таксама былі каментары негатыўныя, тыпу як я магла насмеліцца такое зрабіць. Мне ўсё роўна, я іх не ўспрымаю сур’ёзна, бо… Ну, хай гэтыя людзі проста возьмуць і пакажуць свой браўзер, што яны там глядзяць, а потым кагосьці абмяркоўваюць, — сказала Лолі.
Яна сцвярджае, што «голых» здымкаў у яе канале няма.
— У мяне там няма парнаграфіі. У мяне там фатаграфіі ў бялізне, у купальніку, у моры. Я люблю купляць камплекты прыгожай бялізны і дэманстраваць. Голага ў мяне наогул нічога там няма.
— Чаму менавіта да цябе яны прычапіліся і цябе ўзялі ў распрацоўку?
— Мне здаецца, хтосьці сачыў за мной, я — папулярны блогер. Хтосьці сачыў за мной і неяк даведаўся, што я знаходжуся ў Беларусі. І неяк падчапіў. Той чалавек, які вядзе справу, ён па факце мне лічыцца аднакласнікам. І, разумееце, было вельмі дзіўна… калі я была ў пастарунку, ён не здзівіўся.
— Вы што, не сябравалі ў школе ці што? Чаму ў яго зуб на цябе?
— Я была ў яго на вяселлі. Можа, яму падарунак мой не спадабаўся, — сказала дзяўчына.
Яна расказвае, што гэтыя здымкі пачала рабіць у 2020 годзе. Тады яна ўжо не жыла ў Беларусі.
— Я была ў Беларусі 10 траўня, і мяне там злавілі. Хтосьці здаў, што я прыехала ў Беларусь, і мяне там злавілі. Прывялі ў пастарунак і пабеглі потым у кватэру, у якой я не жыву з 2020 года. Яны мне пагражалі. І яны самі напісалі ўсё і прымусілі падпісаць. Там было напісана, што мной на тэрыторыі Беларусі былі распаўсюджаныя фатаграфіі і відэа [якія прадаваліся] ад пяці да 100 даляраў.
Дзяўчына падкрэсліла, што з 2020 года не жыла ў Беларусі, ніякіх ролікаў на радзіме не здымала і не публікавала. Цяпер яна жыве ў Дубаі, хутка ляціць у Ірландыю.
Нагадаем, у прэс-рэлізе МУС пра завядзенне крымінальнай справы ў дачыненні да мадэлі OnlyFans сцвярджалася, што дзяўчына «ў сваёй кватэры арганізавала парнастудыю» і «цягам трох гадоў дзяўчына рабіла інтымны кантэнт са сваім удзелам і распаўсюджвала яго на адным з тэматычных сайтаў». Больш за тое, аператыўнікі сцвярджалі, што мадэль здымала ролікі «як у сябе дома, так і на розных лакацыях за межамі Беларусі». Пры гэтым падчас ператрусу па месцы жыхарства ў яе канфіскавалі толькі ноўтбук, «на якім захоўвалася гатовая прадукцыя».
Выраб і распаўсюд парнаграфіі прадугледжвае абмежаванне волі або да чатырох гадоў калоніі.