Лукашэнка падпісаў новую рэдакцыю закона «Пра ахову здароўя». Цяпер дактарам, якія паступаюць у ардынатуру, давядзецца адпрацоўваць пасля навучання не менш за пяць гадоў, а ў выпадку адмовы — кампенсаваць кошт навучання ў кратным памеры. Між тым міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч лічыць змены справядлівымі. А што думаюць самі медыкі? Папрасілі іх адказаць міністру.
Некаторыя імёны герояў змененыя з меркаванняў бяспекі.
«Цяпер ні адзін доктар не пойдзе ў ардынатуру»
Уладзіміра, які працуе анестэзіёлагам-рэаніматолагам у адной з раённых бальніц Брэсцкай вобласці, прыняты закон ужо не здзіўляе. Мужчына ўпэўнены: праз дзеянні заканадаўцаў у апошнія гады дактароў у Беларусі можа зусім не застацца.
— Ардынатура для мяне і для маёй жонкі была для таго, каб асвяжыць свае тэарэтычныя веды, — расказвае ён. — Жонка вельмі хацела вучыцца там, але потым перадумала. Па-першае, трапіць туды нялёгка, а па-другое, ужо былі чуткі пра гэты закон. Яшчэ летась, калі з’явіўся праект, было зразумела, чаму гэта робіцца. Ёсць востры недахоп дактароў.
Ідэю «прывязаць» медыка да пэўнага месца мінімум на 10 гадоў Уладзімір апісвае проста: «Гэта ўжо край». Успамінае мэтавае накіраванне на пяць гадоў, а цяпер да яго можа дадацца пяцігадовая адпрацоўка пасля ардынатуры.
— Дык яшчэ велізарныя выплаты, калі цябе адлічылі, — абураецца ён. — Калі я пасваруся з галоўным урачом і яму гэта не спадабаецца, ён папросту мяне можа адлічыць, а мне потым выплачвай. Таму, думаю, цяпер ні адзін доктар не пойдзе вучыцца далей, нікому гэта не трэба. У жыцці можа ўсякае здарыцца, а ты прывязаны да аднаго месца.
У такім новаўвядзенні Уладзімір бачыць і меркантыльны момант. Рэч у тым, што, згодна з новым законам, ардынатура — гэта допуск дактароў да аказання «спецыялізаванай і высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі».
— Канкрэтна яны не напісалі, што да гэтага адносіцца, у законе пра ахову здароўя гэтыя азначэнні вельмі размытыя. Але цалкам магчыма, што змены будуць датычыць акурат высокатэхналагічных аперацый, за якія ідзе даплата ў залежнасці ад катэгорыі доктара. Выходзіць, што калі хочаш вялікі заробак, тады ідзі, вучыся, — разважае ён. — Не хочаш надбаўку за ВТА — працуй без. А могуць наогул у «добраахвотна-прымусовым» парадку зрабіць ардынатуру. Чаму не? Калі падсумаваць, то закручваюць гайкі, каб ні адзін доктар не з’ехаў за мяжу, а адпрацоўваў амаль да 35 гадоў. Туды ж не так шмат і паступала, а цяпер наогул ніхто не рызыкне пайсці. Хоць яшчэ ж будзе «ўваход» на пэўныя спецыяльнасці толькі пасля ардынатуры. Але вось каго гэта будзе датычыць, таксама пакуль незразумела.
Пра гэта ж кажа і калега Уладзіміра Дзмітрый, які цяпер жыве ў польскім Кашаліне. Мужчына лічыць, што такое змяненне не значыць, што ў краіне рэзка зменшыцца колькасць тых самых высокатэхналагічных аперацый.
— Проста за іх не будуць плаціць, — мяркуе ён. — А даплата за ВТА складае прыстойны кавалак зарплаты хірургаў і анестэзіёлагаў. Да таго ж не ведаю, як справы ў Мінску, але ў абласных і раённых бальніцах адзінкі праходзяць клінічную ардынатуру. Бо для паступлення туды неабходнае накіраванне арганізацыі аховы здароўя. Адпаведна, добрая воля галоўнага ўрача.
«Закон ацэніць гатоўнасць медыкаў „аддаць на карысць грамадства“ пяць гадоў жыцця»
Негатыўнае стаўленне да прынятага закона выказвае і Маргарыта. Яна афтальмолаг, цяпер знаходзіцца ў Польшчы. Беларуска лічыць, што праз новаўвядзенні можа пагоршыцца кадравая сітуацыя ў беларускай медыцыне.
— Яна без таго была жалю вартая, а цяпер будзе яшчэ горшая, — мяркуе суразмоўніца. — Калі б я была на месцы цяперашніх абітурыентаў, беларускія медуніверсітэты разглядала б у апошнюю чаргу. І толькі з мэтай далейшай інтэрнатуры і практыкі за мяжой. Бо ёсць уражанне, што ў будучыні адпрацоўкі закрануць калег і пасля інтэрнатуры. А гэты закон апроч іншага ацэніць рэакцыю медыкаў, іх гатоўнасць «аддаць на карысць грамадства» чарговыя пяць гадоў жыцця.
Пры гэтым доктарка ўпэўненая: матывацыі ісці ў ардынатуру такое змяненне ў законе не дадасць.
— Гэта ж дадатковая адукацыя: калі медык хоча павышаць сваю кваліфікацыю, то можа справіцца з гэтым і сам, без карных мераў, — упэўненая яна. — На жаль, беларуская медыцына цяпер жыве і выжывае не дзякуючы, а насуперак дзяржаве.
Абурэнне новы закон выклікае і ў хірурга адной са сталічных бальніц Уладзіслава. Доктар адзначае, што, паколькі дадатковае навучанне па хірургічных спецыяльнасцях цяпер будзе толькі вочным і хутчэй за ўсё 4−5 гадоў, для медыкаў гэта азначае сур’ёзную прывязку да аднаго месца.
— У цябе марнуюцца 4−5 гадоў на стыпендыю ардынатара, а потым яшчэ пяць гадоў жывеш без магчымасці змяніць месца працы. І яшчэ могуць выслаць куды заўгодна — механізм размеркавання не прапісаны! — абураецца ён. — Дзесяць гадоў — гэта ўжо занадта, і так гарызонт планавання — 2−3 месяцы. Самы чаканы вынік: татальны недабор у ардынатуру ў 2024 годзе.
«Няма нічога добрага ў тым, каб трапіць да доктара, які адпрацоўвае перад дзяржавай сваё навучанне праз не хачу»
Педыятарка Мая Церакулава, якая цяпер жыве ў Польшчы, называе папраўкі ў закон спробай утрымаць дактароў у краіне і параўноўвае іх фактычна з жаданнем «замкнуць» медыкаў у Беларусі.
— Але ёсць жа прычыны, з якіх дактары з’язджаюць, — разважае яна. — І гэтыя прычыны ігнаруюцца кіраўніцтвам. Сапраўды, можна «замкнуць», прымусіць застацца на нейкі час. Але хтосьці ўцячэ ўсё роўна, абарваўшы магчымасць вярнуцца калі-небудзь. Хтосьці сумленна выплаціць грошы, хтосьці адпрацуе гэтыя гады і з’едзе. А хтосьці застанецца. Але ніколі пастаўлены ў рабскія ўмовы чалавек не будзе старацца працаваць лепш. І няма нічога добрага ў тым, каб трапіць да доктара, які адпрацоўвае перад дзяржавай сваё навучанне праз не хачу.
У доўгатэрміновай перспектыве, лічыць доктарка, у медыцынскія ВНУ будуць ісці не разумныя і амбіцыйныя абітурыенты, а гатовыя на любыя ўмовы людзі. Абы вучылі бясплатна.
— Не зычыла б я каму-небудзь доктара з такімі ўводнымі, — дадае яна. — Сістэма аховы здароўя павінная стаць чалавечнай да дактароў і да пацыентаў. Але рэформы — гэта занадта складана для ўлады, якая ўмее толькі закручваць гайкі.
Кардыёлаг Аляксандра, якая цяпер жыве і працуе ў Германіі, упэўненая, што такі закон — гэта вымушаная рэакцыя дзяржавы на «непазбежнае змяншэнне колькасці дактароў». І нават пасля шасцігадовага складанага навучання многія вырашаюць не працаваць па спецыяльнасці.
— З аднаго боку, гэта магчымасць прыцягнуць маладое пакаленне ў медыцыну. Асабліва ў выпадку сем’яў, якія не могуць дазволіць сабе платнае навучанне і ўтрыманне дзіцяці ў вялікім горадзе. З іншага — неабходнасць утрымаць чалавека ў сферы як мага даўжэй, — лічыць яна. — Кінуць навучанне ва ўніверсітэце без выплат немагчыма — потым двухгадовая адпрацоўка. А калі пойдзеш у ардынатуру, то потым яшчэ плюс пяць гадоў. Агулам мінімум сем гадоў медык вымушаны заставацца ў прафесіі, нават калі яна яму не да душы.
Аляксандра ўспамінае: на момант яе выпуску з універсітэта абавязковая адпрацоўка пасля бюджэтнага навучання складала два гады плюс інтэрнатура. За гэты перыяд, упэўненая суразмоўніца, чалавек разумее, наколькі праца ўпісваецца ў яго жыццё.
— У гэты ж час прыходзіць разуменне, што жыць нармальна і працаваць так, каб табе падабалася, і не зрывацца на пацыентаў праз стомленасць немагчыма, — расказвае яна. — Альбо ты працуеш на дзве стаўкі, і ў цябе няма ні на што часу, альбо твой муж ці бацькі цябе ўтрымліваюць. Ёсць яшчэ варыянт браць ад пацыентаў хабар або чакаць каля трох гадоў, каб сысці працаваць у прыватны цэнтр, дзе заробак хоць трохі вышэйшы. Кожны выбірае тут свой варыянт. Але менавіта ў гэты час многія дактары вырашаюць з’ехаць, каб палепшыць якасць свайго жыцця.
Чытайце таксама