Яшчэ на мінулым тыдні, з 24 лістапада, у тэлеграм-канале «Собирай рюкзак», які расказвае пра падарожжы, пачала з’яўляцца інфармацыя пра абмежаванні на атрыманне пашпарта старога ўзору ў розных гарадах Беларусі. Пра праблемы з выдачай пашпарта беларусы таксама пісалі ў сацыяльных сетках і паведамлялі ў рэдакцыю «Люстэрка».
Тэлеграм-канал «Собирай рюкзак» паведамляе, што практычна ўсюды (акрамя Мінска і абласных гарадоў) людзям, якія звярнуліся па замену пашпарта, адмаўляюць у яго тэрміновым вырабе за 7 дзён. У некаторых выпадках ёсць і поўныя адмовы ў прыёме заявы на замену пашпарта і атрымання яго ў выглядзе старога ўзору нават у стандартны тэрмін. Замест гэтага грамадзянам прапануюць дакументы новага ўзору — ID-карту і біяметрычны пашпарт. З такім беларусы ўжо сутыкаюцца.
— У Брэсцкім АГіМ праблема з тэрміновай выдачай пашпартоў, — паведаміў нам чытач. — Як нам расказваў старшыня таварыстваў уласнікаў, у іх няма бланкаў.
Пры гэтым запіс на выдачу пашпартоў старога ўзору застаецца, але зробяць яго мінімум праз месяц. А можа, і пазней: калі ва ўстанове з’явяцца бланкі, чытач не ведае.
— Цяпер звычайныя пашпарты за 32 рублі нельга заказваць — «бланкі скончыліся», — піша ў Facebook беларуска Мая. — Толькі біяметрычныя. З айдзі-картай абавязкова. Каштуе 48 рублёў айдзі, 64 пашпарт і па 64 за тое і за другое за паскарэнне працэсу. 240 рублёў за ўсё.
З такой самай сітуацыяй сутыкнуўся жыхар Віцебскай вобласці Андрэй: паводле словаў мужчыны, старыя папяровыя пашпарты «больш не выдаюць, нібыта да распараджэння».
Што кажуць чыноўнікі?
Нашая чытачка патэлефанавала ў аддзел грамадзянства і міграцыі Гродна з пытаннем, ці сапраўды там перасталі выдаваць папяровыя пашпарты старога ўзору. Пашпартыстка ведамства ўдакладніла, што ўсё не зусім так.
— Пашпарт старога ўзору ў нас вырабляецца, але толькі цягам месяца, тэрміновай працэдуры для яго ў нас няма, — патлумачыла яна. — Калі вам патрэбны тэрмінова дакумент, вы можаце падавацца на біяметрычны пашпарт і ID-карту. Але вы яшчэ можаце падаць дакументы на пашпарт старога ўзору, проста яго будуць рабіць месяц.
Тое самае нам адказалі ў АГіМ Віцебска, куды нашая журналістка звярнулася як звычайная грамадзянка.
— Чаму не выдаюць пашпарты старога ўзору? Выдаюць. Проста пакуль гэта прыпынена з тэхнічных прычынз. Дзесьці месяцы паўтара-два давядзецца пачакаць, — расказала пашпартыстка. — Хочаце — атрымлівайце пашпарт старога ўзору, хочаце — новага. Калі важна старога ўзору — можаце і цяпер дакументы падаць, нічога страшнага, проста будзеце чакаць. Хочаце новы — прыходзьце да нас, калі ласка.