У «доме Чыжа», які знаходзіцца ў Мінску побач з Траецкім прадмесцем, прадаецца адрамантаваная і абстаўленая двухпакаёвая кватэра. Жыллё вылучаецца тым, што ў ім рэкордная цана «квадрата» — 9249 даляраў. «Люстэрка» паглядзела, за што просяць такія грошы.
Так званы дом Чыжа — гэта 24-павярховы маналітны будынак № 6 на вуліцы Старажоўскай, узведзены ў 2011 годзе. Ён вылучаецца тым, што кватэры ў ім, нават неадрамантаваныя, заўсёды каштавалі вельмі дорага.
Двухпакаёўка, пра якую ідзе гаворка, знаходзіцца на 12-м паверсе будынка, яе агульная плошча складае 97,2 м², жылая — 65 м², кухня — 16 м². Вокны кватэры выходзяць на Свіслач.
У абвестцы гаворыцца, што кватэра эксклюзіўная — у ёй зрабілі «ультрадарагі рамонт», а планіроўка і інтэр'ер да драбнюткіх дэталяў былі распрацаваныя знакамітымі дызайнерамі.
Паведамляецца, што ўся мэбля вырабленая паводле эксклюзіўных чарцяжоў, карціны пісаліся пад гэты інтэр'ер, многія прадметы — гэта адзінкавыя асобнікі, якія даставілі з розных куткоў свету. Міжпакаёвыя дзверы і мэблевыя фасады распісваліся ў адзінай канцэпцыі і для «стварэння атмасферы дабрабыту і шыку».
Жыллё прадаецца з італьянскай мэбляй ручной працы і люксавай тэхнікай. Ёсць шмат дробязяў для паўсядзённага камфорту: парцьеры рассоўваюцца з пульта кіравання, сістэма ачысткі і ўзбагачэння вады, клімат-кантроль цыркуляцыі паветра і іншае.
Як паведамляецца ў абвестцы, у кватэры ніхто не жыў, усё там так і засталося новым.
Жыллё прадаецца разам з машына-месцам у ацяпляным паркінгу пад домам.
Цяпер нерухомасць выстаўленая за 3 139 128 рублёў, або 899 000 даляраў. Пры такім кошце жылля «квадрат» абыдзецца рэкордна дорага — 32 296 рублёў, або 9249 даляраў. Адзначым, што ў верасні мінулага года гэтая кватэра прадавалася на 51 000 даляраў даражэй.
Чытайце таксама