Імаверна, былы міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, які «знік з радараў» практычна адразу пасля звальнення ў пачатку 2024 года, вярнуўся ў Беларусь і знайшоў сабе новы занятак, паведамляе тэлеграм-канал «Белыя Халаты».
Паводле непацверджанай інфармацыі праекта, з лютага 2024-га, адразу пасля свайго звальнення, і да нядаўняга часу экс-кіраўнік Мінздароўя Дзмітрый Піневіч знаходзіўся ў Расіі. Аднак нядаўна вярнуўся ў Беларусь і пачаў займацца пастаўкай медыцынскага абсталявання.
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка зняў Дзмітрыя Піневіча з пасады кіраўніка Мінздароўя ў канцы студзеня 2024 года, пасля крыху больш чым трох гадоў знаходжання на пасадзе.
«Чалавек ён малады, энергічны. Таму ніхто не збіраецца яго адпускаць на адпачынак, вобразна кажучы. З Дзмітрыем Леанідавічам Піневічам вы вызначцеся — калі ён хоча працаваць у сістэме аховы здароўя, я пярэчыць не буду. Калі не, у нас дастаткова вакансій і працы для таго, каб ён працаваў і прыносіў карысць дзяржаве», — казаў Лукашэнка.
Новым міністрам аховы здароўя стаў Аляксандр Хаджаеў. Да гэтага ён узначальваў РНПЦ псіхічнага здароўя, а раней працаваў у Галоўным упраўленні арганізацыі медыцынскай дапамогі Мінздароўя.
Куды адправілі Піневіча далей (і ці адправілі) — невядома: пасля звальнення з пасады пра яго практычна не было навін.
Адзначым, за прызначаным на піку пратэстаў 2020 года Піневічам у галіне адбылося мноства скандалаў — у тым ліку ад’езд дактароў, ціск на прыватныя медцэнтры, крымінальныя справы з масавымі затрыманнямі, «прыгон» маладых спецыялістаў.