Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным завысіў яўку на мінулых выбарах і колькасць галасоў у сваю падтрымку
  2. Кредиты на автомобили Geely снова подорожали. Под какие проценты сейчас выдают эти займы и сколько придется переплатить банку за 10 лет?
  3. Троллейбусная сеть Минска — крупнейшая в мире. Почему от этого транспорта отказываются во многих странах, несмотря на экологичность?
  4. Кіроўцы аўтобусаў сцвярджаюць, што на мяжы з Літвой «трасуць жорстка». Ці павялічыўся час праходжання?
  5. Военные аналитики: Украина начала вывод своих войск из Курской области
  6. Вырашылі праверыць інфармацыю ад BYPOL і паспрабавалі ўладкавацца ў дзяржарганізацыі з подпісам за Бабарыку. Расказваем, што з гэтага выйшла
  7. У Беларусі даражэе аўтамабільнае паліва. Гэтым разам не на капейку
  8. Политика Трампа может напоминать хаос, но это не так: его тактику еще десять лет назад изучил американский журналист. Вот что он писал
  9. Мобильные операторы анонсировали изменения. Есть предупреждение для клиентов — важно сделать одно действие, чтобы не остаться без связи
  10. Калі ў Польшчы жанчына нараджае без мужа, гэта здзіўляе. Гінеколаг з'ехала з Беларусі пасля пратэстаў, а цяпер да яе стаяць чэргі ў Польшчы
  11. Большасць людзей у свеце дыхае брудным паветрам. Нормам СААЗ адпавядаюць толькі сем краін
  12. Путин согласен с предложением прекратить боевые действия в Украине, «но есть нюансы»
  13. Зяленскі выказаўся наконт сітуацыі ў Курскай вобласці
  14. Гэты аналітык пяць гадоў таму прадказаў, што Турчына прызначаць прэм'ерам. Спыталі, ці стане ён пераемнікам Лукашэнкі
  15. ISW: Путин может устроить торги и потребовать взамен на 30-дневное прекращение огня различные уступки
  16. Рынак нерухомасці, відавочна, чакае новая рэальнасць. З чым гэта звязана і які прагноз у экспертаў
  17. Прадстаўнік Крамля: Масква супраць часовага перамір'я
Читать по-русски


Апошнюю ідэалагічную метадычку 2023 года ўлады прысвяцілі галоўнай, на іх думку, палітычнай падзеі найбліжэйшых месяцаў — выбарам. Галасаванне за дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў пройдзе 25 лютага, пазней будуць выбіраць чальцоў Савета Рэспублікі і дэлегатаў УНС. Расказваем, якія ўстаноўкі атрымалі ідэолагі і прапагандысты на гэтую тэму і пра што яны расказваюць калектывам дзяржаўных прадпрыемстваў і арганізацый у снежні.

Иллюстративный снимок. Фото: TUT.BY
Ілюстрацыйны здымак. Фота: TUT.BY

«Палітычная бяспека як аснова грамадска-палітычнай стабільнасці суверэннай дзяржавы» — такую назву атрымала метадычка, прысвечаная выбарчай кампаніі ў «новых прававых умовах».

Прапагандысцкія выступы ідэолагам варта пачынаць з пераконвання людзей у тым, наколькі важныя блізкія выбары і як важна не дапусціць, каб варожыя сілы разгайдалі краіну і грамадства, асабліва калі супраць Беларусі «развязаныя беспрэцэдэнтныя інфармацыйная, санкцыйная і іншыя войны». Тут жа людзей супакойваюць: выбарчы працэс — у цэнтры ўвагі самога Лукашэнкі.

Беларусь у бурлівым свеце

Першая частка метадычкі паўтарае ўжо класічную структуру, якой аўтары прытрымліваюцца з месяца ў месяц. Спярша яны палохаюць тым, як кепска ідуць справы ў свеце і як варожа на Захадзе ставяцца да Беларусі.

У свеце «працягваецца раскол на варожыя адзін аднаму вайскова-палітычныя, фінансава-эканамічныя і тэхналагічныя блокі, фармуюцца кааліцыі дзяржаваў, якія супрацьстаяць адна адной па найважнейшых пытаннях светапарадку і фундаментальных каштоўнасцяў», пішуць ідэолагі.

З іх пункту гледжання, Захад (а зусім не Расія) перайшоў ад «абарончай» ваеннай дактрыны да пазіцыі пра ваенную сілу як асноўны сродак адстойвання інтарэсаў. NATO пашыраецца, гонка ўзбраенняў разганяецца, вайсковыя выдаткі б’юць рэкорды, расце колькасць ядзернай зброі. Толькі мімаходзь згадваецца, што да такіх мераў Захад звярнуўся, спрабуючы стрымаць Расію і Кітай.

У такіх умовах, пішуць аўтары, адбываецца і радыкалізацыя палітычных рэжымаў, ультраправыя сілы атрымліваюць больш падтрымкі. У антыбеларускіх і антырасійскіх, нацыяналістычных настроях ідэолагі традыцыйна абвінавацілі краіны Балтыі, Германію, не забылі і пра любімую тэму прапагандыстаў — знос савецкіх помнікаў у Еўропе. Як доказ таго, што неанацызм у Еўропе ўстае з каленяў, быў прыведзены нават такі аргумент: «У Францыі ў траўні 2023 года ў Парыжы чарговым разам быў санкцыянаваны штогадовы марш неанацыстаў, які сабраў 550 чалавек».

Недружалюбныя краіны і кааліцыі не грэбуюць выкарыстаннем любых інструментаў для палітычнага ціску на іншыя дзяржавы, наракаюць аўтары метадычкі. Ад Украіны, Грузіі, Малдовы патрабуюць выкананне мноства ўмоваў для ўваходжання ў ЕС. А супраць Беларусі выкарыстоўваецца «мяккая сіла» — санкцыі, медыйная вайна, абмежаванне афіцыйных і бізнес-кантактаў.

«Паводле звестак МЗС Рэспублікі Беларусь, у СМІ Літвы матэрыял пра Беларусь, які змяшчае аб’ектыўную інфармацыю пра нашую краіну, з’яўляецца адзін раз на паўгода», — запэўніваюць ідэолагі.

«Нягледзячы на ўсе намаганні, Захаду так і не ўдалося дабіцца абвалу беларускай эканомікі і дэстабілізаваць краіну», — сцвярджаюць аўтары.

Здавалася б, пры чым тут выбары? Ідэолагі даюць адказ.

«Адзіны спосаб паспяхова супрацьстаяць цяперашняй непрыхаванай гібрыднай агрэсіі і рабаўніцкім санкцыям, гарантаваць палітычную бяспеку — адзінства народа на аснове Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў метадычцы.

А забяспечыць такое адзінства, на думку ўладаў, акурат і дазваляюць выбары.

Голосование на избирательном участке во время парламентских выборов, Солигорск, Минская область, 11 сентября 2016 года. Фото: TUT.BY
Галасаванне на выбарчым участку падчас парламенцкіх выбараў, Салігорск, Мінская вобласць, 11 верасня 2016 года. Фота: TUT.BY

Згублены мінус

Дастаткова папалохаўшы аўдыторыю, ідэолагі распісваюць, як у самой Беларусі ўсё добра і стабільна. Калі верыць ім, нашая краіна пакуль што не проста паспяхова спраўляецца з пагрозамі, але нават дасягнула нечуванай палітычнай стабільнасці.

«Паводле дадзеных рэйтынгу The Global Economy, сярэдняе значэнне індэкса палітычнай стабільнасці для Беларусі з 1996 па 2021 год складала 0,12 бала. Мінімум назіраўся ў 2020 годзе (-0,9 бала), што нядзіўна, улічваючы спробу бунту. Сёння ў сусветным рэйтынгу Беларусь мае найвышэйшы для сябе паказчык з 1996 года — 0,74 бала», — гаворыцца ў метадычцы.

Мы засумняваліся ў лічбах і знайшлі гэты рэйтынг. Выявілася, што, па-першае, пра «сёння» гаворкі не ідзе — апошні раз індэкс разлічваўся ў 2021 годзе на, адпаведна, яшчэ больш старых дадзеных.

Па-другое, індэкс сапраўды можа быць як станоўчым, так і адмоўным. Напрыклад, у ЗША ў 2021 годзе быў паказчык «нуль», у Польшчы — 0,51, у лідара стабільнасці Ліхтэнштэйна — 1,64. У самай нестабільнай краіны Самалі — мінус 2,68, у Расіі — мінус 0,65. А ў Беларусі — мінус 0,74.

Гэта не самы нізкі паказчык нашай краіны — у 2020-м сапраўды было мінус 0,9. Але і, вядома, не «найвышэйшы з 1996 года». Найлепшы паказчык палітычнай стабільнасці Беларусь мела ў 2003 годзе (0,69), увесь час да 2010 года ён заставаўся станоўчым, потым праваліўся, але зноў прыкметна вырас у 2018−2019 гадах.

Словам, ідэолагі лічбу назвалі правільную, але знак «мінус» чамусьці забылі. І, як можна чакаць, менавіта ў такім выглядзе гэта будзе даносіцца да аўдыторыі — як доказ прызнання беларускай «стабільнасці» на міжнародным узроўні.

Беларусь в индексе политической стабильности. Сверху показатели последних лет, снизу - график за весь период (1996-2021 год). Изображение: The Global Economy
Беларусь у індэксе палітычнай стабільнасці. Зверху паказчыкі апошніх гадоў, знізу — графік за ўвесь перыяд (1996−2021 год). Выява: The Global Economy

«Яскравыя сведчанні забяспечання палітычнай бяспекі»

Доказам таго, што палітычны лад Беларусі ў бяспецы, аўтары прысвяцілі немалы кавалак метадычкі. Самым «яскравым сведчаннем» яны называюць «дасягненне грамадскай згоды па ключавых пытаннях развіцця дзяржавы». А выказалася гэта згода… на рэферэндуме па змяненні Канстытуцыі ў лютым 2022 года. Нагадаем, афіцыйна было агучана, што папраўкі падтрымалі амаль 83% удзельнікаў галасавання.

Як самы важны вынік рэферэндуму і «яскравы прыклад народаўладдзя» ідэолагі называюць павышэнне статусу Усебеларускага народнага сходу.

«Моцны Прэзідэнт, уплывовы Парламент, ініцыятыўны Урад пры аб’яднаўчай ролі Усебеларускага народнага сходу — такая формула далейшага прававога забяспечання функцыянавання ў Рэспубліцы Беларусь сістэмы дзяржаўнага кіравання», — гаворыцца ў метадычцы.

Яе аўтары адзначаюць поспехі беларускай бюракратыі: цыфравізацыя, развіццё зваротнай сувязі з насельніцтвам (сацсеткі дзяржорганаў), больш асабістых прыёмаў і жывых ліній. Як асабліва важны прыклад «дасягнення грамадскай згоды» называюцца «дыялогавыя пляцоўкі», дзе абмяркоўваюцца «самыя важныя законапраекты».

Унутраная пагроза ліквідаваная

У наступнай частцы ідэолагі мусяць нагадаць аўдыторыі, што Беларусь паспяхова адолела ўнутраную «пятую калону».

«Беларусь традыцыйна з’яўляецца прыкладам міжнацыянальнага і міжканфесійнага міру і згоды ў цэнтры Еўропы, — сцвярджаецца ў метадычцы. — Тым не менш недапушчэнне фармавання, пранікнення альбо распаўсюду ідэалогіі нацызму, неафашызму, экстрэмізму, сепаратызму, расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай нецярпімасці, а таксама непаважлівага стаўлення да дзяржаўных сімвалаў, выкарыстання экстрэмісцкай сімволікі і атрыбутыкі з’яўляецца адным з найважнейшых фактараў грамадска-палітычнай стабільнасці».

У гэтай барацьбы, калі верыць метадычцы, дзве асновы: закон пра недапушчэнне рэабілітацыі нацызму, прыняты яшчэ ў траўні 2021-га, і падпісаныя ў лютым 2023-га папраўкі ў законы пра партыі і грамадскія аб’яднанні.

«Адбылася ачыстка партыйнага поля ад дэкаратыўных аб’яднанняў і тых дэструктыўных структур, чыя дзейнасць скіраваная на падрыў асноваў канстытуцыйнага ладу краіны», — з гонарам кажуць ідэолагі пра поўнае знішчэнне палітычнага жыцця ў краіне (акрамя санкцыянаванага ўладамі).

Нагадаем, восенню 2023 года завяршылася ліквідацыя апазіцыйных палітычных партый. Засталіся толькі чатыры праўладныя: «Белая Русь», Камуністычная партыя Беларусі, Ліберальна-дэмакратычная партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, якім Лукашэнка загадаў займацца «стварэннем» і заканадаўчымі ініцыятывамі.

У сваю чаргу, месца сотняў знішчаных грамадскіх арганізацый спрабуюць заняць БРСМ, Беларускі саюз жанчын, Федэрацыя прафсаюзаў і Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў. Яны атрымалі ад Мінюста статус такіх, што «маюць права на ўзаемадзеянне з дзяржорганамі ў асаблівых формах» і павінныя забяспечваць «народнае адзінства».

«Гібрыдны бліцкрыг праваліўся»

Аўтары метадычкі не стамляюцца ўспамінаць 2020 год, калі, на думку ўладаў, знешнія і ўнутраныя іх апаненты спрабавалі захапіць уладу.

«Бесстаронне прааналізаваўшы падзеі апошніх гадоў у Беларусі, мы ўсведамляем, да якіх крайне негатыўных наступстваў нашую краіну маглі прывесці хлуслівыя заклікі здраднікаў сваёй Айчыны, якія дзейнічаюць па ўказцы звонку і за кошт замежных грантаў. „Гібрыдны“ бліцкрыг супраць Беларусі праваліўся. Мы разам самааддана адстаялі незалежнасць краіны. Адстаялі, бо на нашым баку была праўда, імкненне жыць і працаваць на сваёй зямлі і па сваіх законах», — вось што мусяць расказваць ідэолагі на дзяржпрадпрыемствах і ў дзяржустановах.

Нарэшце тэкст пачынае набліжацца да тэмы выбараў. Але спачатку аўтары зноў выкарыстоўваюць упадабаны прапагандысцкі прыём — палохаюць аўдыторыю знешняй пагрозай. Маўляў, Захад пастаянна дзейнічае метадамі каляровых рэвалюцый, каб пазбавіць краіны электаральнага суверэнітэту, якія не паддаюцца яму. А яшчэ выкарыстоўвае ў якасці інструменту для прэсінгу міжнароднае назіранне за выбарамі — маўляў, назіральнікі ад БДІПЧ АБСЕ пастаянна крытыкуюць Беларусь, Расію і іншыя краіны СНД, а вось выбары ў ЕС і ЗША не крытыкуюць амаль ніколі.

Голосование на избирательном участке во время парламентских выборов, Минск, 17 ноября 2019 года. Фото: TUT.BY
Галасаванне на выбарчым участку падчас парламенцкіх выбараў, Мінск, 17 лістапада 2019 года. Фота: TUT.BY

Ідэолагі мусяць паднесці гэта так, нібыта рэч у перадузятасці АБСЕ, а не ў тым, што выбары ў краінах ЕС сапраўды свабодныя і сумленныя, у адрозненне ад Беларусі. Наадварот, запэўнівае метадычка, гэта менавіта там суцэльныя парушэнні і брудныя электаральныя кампаніі. Якія прыводзяцца прыклады? Выпадак у ЗША, калі ў Кангрэс выбралі памерлага палітыка, маніпулятыўны рэферэндум у Польшчы, подкуп галасоў і неправамерная агітацыя ў Балгарыі. Прыкладаў фальсіфікацыі выбараў на Захадзе не знайшлося.

Асабліва пакрыўдзіліся аўтары метадычкі за датэрміновае галасаванне. Ідэолагі павінныя пераканаць свае аўдыторыі, што ў ім няма нічога кепскага — вось, паглядзіце, яно ёсць і ў ЗША, і ў Швецыі, і ў Латвіі, і ў вельмі многіх краінах свету, а ў некаторых можна нават галасаваць праз пошту. Вядома, пры гэтым у метадычцы няма ні слова пра тое, што датэрміновае галасаванне ў Беларусі праходзіць далёка не так празрыста, на яго «заганяюць» дзяржслужбоўцаў, бюджэтнікаў, вайскоўцаў і работнікаў дзяржпрадпрыемстваў, падчас датэрміновага галасавання назіральнікі на кожных выбарах фіксавалі мноства сур’ёзных парушэнняў.

Разгайдаць не атрымаецца

У Беларусі, запэўніваюць аўтары метадычкі, прынятыя ўсе меры, каб блізкія выбары прайшлі без пагрозаў з боку варожых элементаў.

«У перыяд падрыхтоўкі і правядзення адзінага дня галасавання будзе забяспечанае эфектыўнае спалучэнне прававых, інфармацыйных, папераджальна-прафілактычных мер па недапушчэнні беспарадкаў і іншых супрацьзаконных дзеянняў з боку арганізаваных груп і асобных людзей», — папярэджваюць ідэолагі.

Фото из архива zerkalo.io
Сілавікі затрымліваюць мужчыну. Фота з архіва «Люстэрка»

Галоўную ролю ў забяспечанні парадку адыграе міліцыя. Зрэшты, гаворыцца ў метадычцы, раней прынятыя меры ўжо далі плён, абстаноўка ў краіне спакойная.

«За 10 месяцаў гэтага года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2022 года ў краіне зменшылася колькасць несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў на 23,4%, а колькасць удзельнікаў пратэсных акцый — на 77,7%», — такая статыстыка агучаная ў тэксце.

Словам, запэўніваюць ідэолагі, «мяцеж 2020 года» не паўторыцца і «разгайдаць Беларусь» не дазволяць.

А што наконт сумленных выбараў?

Намер правесці выбары сумленна ў метадычцы не агучваецца. Яе аўтары называюць толькі «галоўны крытэр гатоўнасці дзяржавы да правядзення сумленных і адкрытых выбараў» — на іх думку, гэта «якасць і паўната прававога рэгулявання выбарчых працэдур і працэсаў». На Захадзе, маўляў, выбарчае заканадаўства недасканалае, таму і парушэнняў шмат, а вось у Беларусі ўлічылі замежны досвед і гэтае заканадаўства палепшылі.

Нагадаем некаторыя самыя значныя нядаўнія папраўкі ў Выбарчы кодэкс:

  • знятае патрабаванне мінімальнай яўкі ў 50% на парламенцкіх выбарах, цяпер парога яўкі няма наогул, як і на выбарах у мясцовыя саветы;
  • забаронена выносіць бюлетэнь з участкаў, фатаграфаваць яго;
  • дазволена галасаваць тым, хто знаходзіцца пад вартай (у СІЗА);
  • забаронена высоўваць сваю кандыдатуру на выбарах тым, у дачыненні да каго існуе абвінаваўчы прысуд суда, што набыў моц, а таксама тым, хто мае замежны від на жыхарства;
  • для кандыдатаў у прэзідэнты ўзроставы цэнз павялічаны да 40 гадоў, цэнз аселасці (пражывання ў Беларусі) — да 20 гадоў;
  • выбарчыя ўчасткі за мяжой больш працаваць не будуць.

Далей метадычка расказвае пра само правядзенне выбараў, даты галасавання, колькасць бюлетэняў, парадак вылучэння кандыдатаў і гэтак далей.

«Калі ўсім грамадзянам будзе зразумелы механізм выбарчага працэсу, калі ўсе будуць разумець свае правы і абавязкі, то людзі не будуць паддавацца розным фэйкам і інфармацыйным укідам», — лічаць аўтары тэксту.

На заканчэнне сваіх выступаў ідэолагі павінныя настроіць слухачоў на тое, што выбары ў 2024 годзе пройдуць як след — і ніякія ўнутраныя і знешнія фактары не змогуць «перашкодзіць далейшаму паступальнаму развіццю беларускай дзяржавы і грамадства».

«Улада зробіць усё для таго, каб забяспечыць электаральны суверэнітэт Рэспублікі Беларусь, правесці выбары спакойна, адкрыта і аб’ектыўна», — падкрэсліваюць ідэолагі.

Чытайце таксама