На выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў прыедуць міжнародныя назіральнікі, але геаграфія арганізацый, якім Беларусь дашле запрашэнні, будзе моцна абмежаваная. Кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка ў эфіры АНТ расказаў, што назіральнікаў ад АБСЕ ў Беларусь не паклічуць.
Паводле кіраўніка ЦВК, міжнародных назіральнікаў на наступныя выбары ў Беларусь запросяць, але яны будуць прадстаўляць толькі некаторыя арганізацыі.
— Плануем запрасіць прадстаўнікоў цэнтральных выбарчых камісій краін СНД, — сказаў Карпенка. — Таксама плануем запрасіць калег з Сусветнай асацыяцыі выбарчых органаў, штаб-кватэра якой знаходзіцца ў Паўднёвай Карэі. Асацыяцыя гэтая аб’ядноўвае каля 111 краін свету, штогод праходзяць кангрэсы гэтай арганізацыі, мы там актыўна ўдзельнічаем. Астатнія суб’екты маюць права запрасіць тых, каго яны лічаць патрэбным, уключаючы місіі.
Назіральнікаў ад арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) ЦВК, мяркуючы з усяго, на выбары 25 лютага 2024 года запрашаць не збіраецца.
— Мы мусім разумець, што выбары мы праводзім у першую чаргу для сябе, — заявіў Ігар Карпенка. — Задача ЦВК — стварыць умовы для таго, каб выбаршчык, народ, які ёсць крыніцай улады, у адпаведнасці з Канстытуцыяй, мог свабодна прыйсці на выбарчыя ўчасткі і зрабіць усвядомлены выбар на карысць таго ці іншага дэпутата.
Пры гэтым кіраўнік ЦВК лічыць, што зусім адмаўляцца ад міжнароднага назірання за афіцыйнымі выбарамі ў Беларусі будзе няправільна. Вось як Ігар Карпенка разумее сутнасць гэтага працэсу:
— Мы ў першую чаргу разглядаем міжнароднае назіранне як форму камунікацыі, узаемадзеяння экспертаў у гэтай галіне. Гэта вельмі важна з пункту гледжання далейшага развіцця і дзяржаўнага будаўніцтва.
Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў пройдуць у Беларусі 25 лютага 2024 года. Святлана Ціханоўская і іншыя дэмакратычныя палітыкі заклікалі беларусаў не браць у іх удзелу.
Чытайце таксама