Аб’яднанне былых беларускіх сілавікоў BELPOL апублікавала фільм «Душ уражанняў» пра рэканструяваны чатырохпавярховы будынак у цэнтры Мінска. Мяркуецца, што гэта новая рэзідэнцыя Аляксандра Лукашэнкі.
Меркаваная новая рэзідэнцыя знаходзіцца па адрасе: вуліца Чырвонаармейская, 15. Гэта недалёка ад адміністрацыі Лукашэнкі на вуліцы Карла Маркса. Раней у будынку знаходзіўся корпус «лечкамісіі» — аддзяленне афтальмалогіі Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра, які пераехаў у 2018 годзе.
У тым жа годзе дзяржагенцтва «Мінск-Навіны» пісала, што ў вызваленых будынках адкрыюць гарадскі шматпрофільны клінічны цэнтр.
Ініцыятыва BELPOL займела дакументы, якія датычаць рэканструкцыі будынка. У відэа прыводзіцца кошт некаторых аб’ектаў і прадметаў. Так, альтанка на прылеглай тэрыторыі каштуе амаль 151 тысячу рублёў, а чатыры канапы на першым паверсе — амаль 25,2 тысячы. Акрамя гэтага, валанцёры зрабілі візуалізацыю памяшканняў будынка згодна з планам.
На першым паверсе будынка, аздобленым мармурам, размесцяцца тры пакоі для перамоваў, памяшканне для працоўнай змены і кіроўцаў, рабочыя кабінеты, цэнтральны пост аховы з відэасцяной, зброевы пакой, два пакоі чакання, пункт пропуску са сканарам і металадэтэктарамі.
Ёсць басейн з асобнай віп-зонай і «дарожкай Кнейпа» з чатырма ванначкамі для ног з кантраснымі тэмпературамі і масажам ступняў. Таксама ў плане прысутнічаюць два джакузі, крыясаўна, два «душы ўражанняў» і хамам.
У віп-зоне — спа-басейн, снегагенератар, пяць лежакоў, саўна і паравае памяшканне, масажны кабінет, пакой адпачынку і сервіравальны пакой.
Другі паверх адведзены пад працоўную прастору. Там размяшчаюцца кабінеты «начальнікаў структурных падраздзяленняў» з асобнымі прыёмнымі, дзве залы для перамоваў, прэс-цэнтр і канферэнц-зала на 49 чалавек.
На трэцім паверсе размешчаныя абедзенны зала з вітражом на столі больш за 72 тысячы рублёў, «пакой для запрошаных», сервіравальны пакой, серверны, пакой групы аховы і дзяжурнага ад’ютанта з відэасцяной.
Ёсць зала нарадаў з васільковым вітражом на столі за амаль 225 тысяч рублёў, бібліятэка, два электракаміны, працоўны кабінет з вітражом на столі за 78,3 тысячы рублёў і спальня з мяккімі сценамі. Прысутнічае санвузел з душам, унітазам, бідэ і, напрыклад, мыльніцай за 1656 рублёў.
Чацвёрты, і апошні, паверх змяшчае тры кабінеты для персаналу, кабінеты начальніка асабістай аховы і асабістага доктара, працэдурны кабінет.
Фінальны кошт усяго аб’екта — 43 645 943 рублі. Па курсе на дадзены момант гэта 13 386 273 даляры. BELPOL прыводзіць кошт па курсе на 1 жніўня 2023 года — амаль 14 400 000 даляраў.
Ускосныя пацверджанні таго, што гэта магчымая рэзідэнцыя Лукашэнкі, — дакументы, падпісаныя начальнікам Галоўнага ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі Яўгенам Галіным, наяўнасць памяшканняў для ад’ютанта і асабістай аховы, адной спальні, аднаго працэдурнага кабінета.
Нагадаем, у Аляксандра Лукашэнкі на гэты момант не менш за 17 рэзідэнцый. Міжнародных гасцей ён часцей за ўсё прымае ў Палацы Незалежнасці, а жыве ў Астрашыцкім гарадку пад Мінскам.