У камісію па вяртанні беларусаў пачалі паступаць звароты. Пра гэта заявіла начальнік упраўлення Генеральнай пракуратуры Анжаліка Курчак.
«Першай напісала 35-гадовая мінчанка, якая з’ехала за мяжу ў кастрычніку 2020 года. Яна не паведаміла пра ўчыненыя правапарушэнні або злачынствы, а выказала толькі асцярогі з нагоды яе магчымай датычнасці да якіх-небудзь супрацьпраўных дзеянняў», — паведаміла Анжаліка Курчак.
Паводле яе словаў, жанчына не падала «іншых звестак, неабходных для такога звароту», таму зварот пакуль разгледжаны не будзе.
«Пасля дапаўнення звароту ён будзе разгледжаны камісіяй па сутнасці, і заяўнік атрымае адказ», — падсумавала Курчак.
Нагадаем, у Беларусі стварылі камісію для «падтрымання грамадзянскай згоды, забяспечання рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод беларускіх грамадзян». У яе маюць права звярнуцца беларусы, якія «здзейснілі ў перыяд з 1 студзеня 2020 года да ўступлення ў сілу гэтага ўказа адміністрацыйныя правапарушэнні або злачынствы пратэснай скіраванасці, асцерагаюцца вяртання ў краіну ў сувязі са сваёй магчымай датычнасцю да здзяйснення такіх правапарушэнняў, злачынстваў».
Адпаведныя звароты на рускай або беларускай мовах могуць быць скіраваныя грамадзянамі ў тэрмін да 31 снежня 2023 года ў пісьмовай або электроннай форме з далучэннем неабходных дакументаў. Ліст мусіць змяшчаць: найменне камісіі, прозвішча, імя таго, хто звярнуўся, адрас жыхарства (месца знаходжання), дату апошняга выезду за межы Беларусі, а таксама звесткі пра апошняе месца працы (вучобы) у Беларусі. Акрамя таго, у звароце неабходна выкласці ўсю інфармацыю наконт «прычын, з якіх грамадзянін пакінуў тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, абставін, у сувязі з якімі яго могуць прыцягнуць да адказнасці». Таксама можна прыкласці спіс паручальнікаў. Імі могуць быць «поўнагадовыя дзеяздольныя асобы, грамадскія арганізацыі, палітычныя партыі, дзяржаўныя службоўцы, працоўныя калектывы, іншыя аб’яднанні грамадзян, юрыдычныя асобы».
Згодна з указам, гэтыя асобы мусяць раскаяцца ў зробленым і праінфармаваць камісію пра гатоўнасць пасля вяртання прынесці публічныя прабачэнні, кампенсаваць нанесеную шкоду, выконваць Канстытуцыю і заканадаўства Беларусі, паважаць дзяржаўныя сімвалы і нацыянальныя традыцыі, свядома і актыўна выконваць свой грамадзянскі абавязак.
Па выніках разгляду зваротаў грамадзян будуць інфармаваць пра наяўнасць або адсутнасць у дачыненні да іх адміністрацыйнага працэсу, заведзенай крымінальнай справы, а таксама пра магчымасць іх спынення ў парадку і на ўмовах, устаноўленых заканадаўствам. Гэтыя рашэнні будуць прымацца камісіяй шляхам адкрытага галасавання большасцю галасоў і афармляцца пратаколамі.