Паўднёвакарэйскі спявак Хвісон памёр ва ўзросце 43 гадоў. Паліцыя плануе правесці ўскрыццё, каб вызначыць прычыну яго смерці, піша The Guardian.
Спявак, якога звалі Чхве Хві Сон, быў знойдзены ў сваёй кватэры непрытомным у панядзелак увечары супрацоўнікамі службы экстраннай дапамогі пасля таго, як яго маці звярнулася па дапамогу, паведамляюць мясцовыя СМІ.
Паліцыя расказала, што не знайшла ніякіх прыкмет злачынства, але папярэдзіла, што з моманту смерці прайшла «значная колькасць часу», і запатрабавала правесці ўскрыццё.
«Артыст Хвісон пакінуў нас», — пацвердзіла ў аўторак, 11 сакавіка, яго кіроўнае агенцтва Tajoy Entertainment, заявіўшы, што яго супрацоўнікі і калегі «ў глыбокім смутку».
У Хвісона, які выпусціў шэраг хітоў у Паўднёвай Карэі, уключаючы папулярную кавер-версію песні брытанскай зоркі Крэйга Дэвіда Insomnia, у гэтыя выходныя быў запланаваны выступ разам са спеваком KCM у паўднёва-ўсходнім карэйскім горадзе Тэгу.
У сваім апошнім паведамленні ў сацыяльных сетках, Хвісон абвясціў пра блізкі канцэрт і напісаў: «Схудненне завершанае. Убачымся 15 сакавіка».
З моманту свайго дэбюту ў якасці спевака ў 2002 годзе Хвісон стаў папулярны ў Паўднёвай Карэі, выканаўшы мноства хітоў, уключаючы кампазіцыю With Me, якая ўзначаліла чарты, і атрымаў прызнанне за свае пранікнёныя выступы.
Аднак яго музычная кар’ера пацярпела ў 2021 годзе, калі яго прызналі вінаватым і асудзілі на ўмоўны турэмны тэрмін за выкарыстанне прапафолу — хірургічнага анестэтыку, які часам выкарыстоўваюць у рэкрэацыйных мэтах.
Перадазіроўка гэтага прэпарата была названая прычынай смерці поп-зоркі Майкла Джэксана ў 2009 годзе.