Новая порцыя беларускамоўных надпісаў у сталічным грамадскім транспарце выклікала абурэнне праўладнай мастачкі і аўтаркі карцін з выявай амапаўцаў і Лукашэнкі Святланы Жыгімонт.

Гэтым разам актывістку абурылі налепкі з тлумачэннямі, што рабіць у выпадку аварыі, а таксама інфармацыйная шыльда пра месца для пасажыраў з інвалідным вазком. У гэтых надпісах яе абурылі словы «вечка», «клямка» и «вазок».
«Пры аварыі адчыніць вечка, націснуць чырвоную кнопку, дзверы адчыніць уручную»;
«Пры аварыі павернуць клямку да ўпору, дзверы адчыніць уручную»;
«Месца для інваліднага вазка. Івалідны вазок павінен устанаўлівацца супраць напрамку руху з апорай на перагародку або апорную панэль у зафіксаваным становішчы».
Аўтарка карцін з выявай сілавікоў і Лукашэнкі ўсумнілася, што гэтыя словы адпавядаюць нормам літаратурнай беларускай мовы.
«Это мова? Да идите вы нах (закрэслена. — Заўв. рэд.). Хотите такую мову? Дайте тогда русскоязычным людям, которые именно с этой версией мовы не знакомы, альтернативу на русском языке. Нам Конституцией обещано, что „каждый имеет право пользоваться родным языком“, тем более государственным. Русскоязычные ведь платят налоги и за проезд платят наравне, и им, вроде как, обещано Конституцией отсутствие любой дискриминации. А в случае смертельной опасности, когда надо будет открыть эту дверь да еще и в стрессе, понять этот новояз кто сможет? Вообще пи (закрэслена. — Заўв. рэд.) кошмар какой-то. Общественный транспорт для змагаров и англоязычных туристов», — абураецца мастачка.
Раней абурэнне Жыгімонт выклікала слова «спампуйце» на інфармацыйным шчыце, які знаходзіцца на паркоўцы каля ЦУМа. Мастачка, якая запэўнівае, што «неплохо знает мову», заявіла, што гэта не мова яе «дзядоў», а «хуторская уб***очная полупшецкая полу***поймикакая тарабарщина». На абразлівы запіс тым разам адрэагавала намесніца старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белая Русь» і сябра аднайменнай партыі Святлана Вараніца. Яна адзначыла, што «такія выказванні — простая дарога да расколу грамадства па пытаннях мовы, нацыянальнасці, а потым і веры».
Праўладныя прыхільнікі цеснай інтэграцыі з Расіяй даўно абураюцца з нагоды выкарыстання некаторых беларускіх словаў у грамадскім транспарце. Так, напрыклад, прапагандыстка Вольга Бондарава нядаўна апублікавала ў сваім тэлеграм-канале пост, у якім абурылася тым, што ў валідатары ў мінскім аўтобусе ў службовым тэкставым паведамленні выкарыстоўваецца пазычанае з польскай мовы слова «кіроўца». Жанчына, якая паступіла ў 2022 годзе ў БДПУ на спецыяльнасць «беларуская мова і літаратура», назвала гэта «свядомай працай па апалячванні беларускага народа» і запатрабавала прыцягнуць да адказнасці тых, хто «калечыць і забруджвае» дзяржаўныя мовы Беларусі. Што не так з гэтымі прэтэнзіямі праўладных актывістаў, мы пісалі тут.