Экс-хакеіст зборнай Беларусі Канстанцін Кальцоў загінуў у 42 гады. Трагедыя здарылася ў гатэлі ў Маямі, дзе спыняўся спартовец. Ён збіраўся на тэніс, каб падтрымаць сваю дзяўчыну Арыну Сабаленка, якая будзе гуляць на Miami Open, што стартаваў 19 сакавіка. Учора распаўсюдзілася версія са спасылкай на паліцыю, што Кальцоў скончыў жыццё самагубствам. Але, магчыма, гэта была паспешлівая выснова. «Люстэрка» звязалася з былой жонкай Канстанціна Юліяй Міхайлавай, якая жыве з дзецьмі ў ЗША (і вельмі блізка ад месца здарэння), і яна расказала дэталі трагедыі.
«Трагедыі нічога не прадказвала»
— Толькі што размаўляла з медыцынскім экспертам, — адзначае Юлія. — Следства ўзяло матэрыялы на таксікалагічныя аналізы. Усе вынікі будуць гатовыя цягам месяца. У паліцыі застаўся таксама тэлефон і ноўтбук Канстанціна — да завяршэння расследавання. Проста цяпер нельга дакладна сцвярджаць, быў гэта суіцыд ці няшчасны выпадак.
— Якое вашае меркаванне?
— Гэта быў няшчасны выпадак. У нас застаўся стары сямейны камп’ютар з электроннай поштай Канстанціна. Я ведала паролі, і ўдалося адкрыць некаторыя лісты. У Канстанціна былі далей зарэзерваваныя апартаменты ў іншым месцы. Былі аплачаныя пакупкі, якія яшчэ не прыйшлі. Надоўга арандаваная машына. То-бок ён не збіраўся паміраць. Усякае, вядома, можа ў галаву стрэльнуць, але трагедыі нічога не прадказвала.
— На якім паверсе жыў Канстанцін?
— На 23-м. Гэты гатэль у Маямі, дзе ўсё здарылася, знаходзіцца прыкладна за гадзіну язды ад нашага дома.
— Вы былі там?
— Не. Збіраемся паехаць у чацвер. У гатэлі яшчэ застаўся чамадан Канстанціна з адзеннем і рэчамі.
«Канстанцін хацеў сустрэцца з дзецьмі на вячэру»
— Ад каго вы даведаліся сумную навіну?
— Ад дэтэктыва. Гэта было 18 сакавіка. Мне спачатку тэлефанавалі некалькі разоў, пыталі, ці дома я, казалі, што хочуць нешта расказаць наконт Канстанціна. А потым прыехаў дэтэктыў. Ён стараўся, наколькі гэта магчыма, мякка паднесці навіну. Але, вядома, у мяне быў шокавы стан… Потым ён дзяліўся інфармацыяй, карэктна задаў некалькі пытанняў, патлумачыў розныя працэдурныя моманты і сказаў тэлефанаваць яму, калі што, у любы час.
— Які эмацыйны стан вашых дзяцей?
— Складанае пытанне. Стараемся не сумаваць. Не ведаю, як яшчэ сказаць. Старэйшым сынам, Даніілу і Аляксандру, цяжэй, яны ўсё добра разумеюць. Ім 18 і 16 гадоў. Малодшаму, Стэфану, пяць гадоў. Ён думае, што тата ў цяпер у раі. Стэфан, праўда, спытаў, як тата памёр, але я пакуль яму не адказала. Спадчыннікам, дарэчы, тут лічыцца старэйшае дзіця, а не былая жонка ці дзяўчына. Таму трэба будзе вазіць Данііла з сабой, каб распісвацца ва ўсіх дакументах, звязаных са справай.
— Вы збіраліся пабачыцца з Канстанцінам?
— Мы вельмі мала камунікавалі апошнім часам. У кожнага сваё жыццё, да таго ж ён працаваў удалечыні ад дзяцей (апошнія два гады Кальцоў быў памочнікам галоўнага трэнера ў клубе «Салават Юлаеў» з Уфы. — Заўв. рэд.). Канстанцін у асноўным размаўляў з імі праз тэлефон. Гэтым разам ён хацеў сустрэцца з дзецьмі на вячэру. Але Стэфан рана кладзецца спаць, нешта не атрымалася, і яны збіраліся пабачыцца пазней.
«У нумары знайшлі пустыя бутэлькі»
— Вас здзівіла паведамленне наконт самагубства?
— Думаю, гэта вашыя калегі нешта не так зразумелі. Або выдалі здагадку паліцыі пра суіцыд за факт — усё ж людзі рэдка падаюць самі па сабе. Версію з забойствам у паліцыі адразу адкінулі: Канстанцін быў у нумары адзін. Вось і сказалі, што, магчыма, было самагубства. Але, паўтаруся, нічога не прадказвала, што Канстанцін збіраўся саскочыць.
— Якая карціна таго, што адбылося, пасля азнаямлення з усімі дэталямі?
— Хутчэй за ўсё, ён быў вельмі п’яны. На жаль, хакеісты часам грашаць гэтым. У нумары, дзе спыняўся Канстанцін, знайшлі пустыя бутэлькі з-пад алкаголю. Там быў балкон з відам на акіян. Відаць, Канстанцін не ўсачыў за сваімі дзеяннямі.
— Вы б хацелі, каб пацвердзіўся няшчасны выпадак?
— Так. Дзецям так было б спакайней. Данііл і Аляксандр чыталі ў інтэрнэце пра самагубства і, вядома, ім не па сабе. Там і іншыя розныя версіі высоўваліся, пакуль чакала размовы з медэкспертам.
«Да Сабаленка ў мяне нармальнае стаўленне»
— Як спраўляецеся адна з усім?
— У мяне няма выбару. Выжываеш як можаш. Па-іншаму ніяк. Раблю найлепшае, што магу рабіць.
— Шмат атрымалі паведамленняў са словамі падтрымкі?
— Вельмі. Пісалі людзі з хакейнага свету, спартоўцы і проста незнаёмыя. Я ўсім вельмі ўдзячная за словы і дзеянні. Напрыклад, дапамог амбасадар Беларусі ў Вашынгтоне, падказаў пэўныя нюансы, пракансультаваў.
— Вы хоць раз размаўлялі з Арынай Сабаленка?
— Так, даводзілася. Прыемная дзяўчына. Мой пост некалькі гадоў таму быў прадыктаваны эмоцыямі, было вельмі балюча. Я вельмі кахала Канстанціна… але Сабаленка добра ставілася да маіх дзяцей, таму да яе ў мяне нармальнае стаўленне.
— Дзе пахаваюць Кальцова?
— Збіраем усе дакументы, каб транспартаваць рэшткі Канстанціна ў Беларусь. Мінск — яго радзіма, там яго брат, сваякі. У мяне там шмат сяброў, я ў добрых адносінах з бацькамі Косці. Ды і ў нашых дзяцей беларускае грамадзянства (сама Юлія нарадзілася ў Латвіі. — Заўв. рэд.). Паглядзім, як усё складзецца. Жыццё ў ЗША дарагое, не ведаю, дзе акажамся. Пакуль у дзяцей тут школа, а там будзе відаць. Даводзіцца цяпер вырашаць кучу пытанняў, з якімі раней, вядома, не сутыкаліся.
Чытайце таксама


