Старшыня калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч сустрэўся з вядомым кінаакторам Стывенам Сігалам, паведамляецца на сайце ЕЭК.

Падчас гутаркі Міхаіл Мясніковіч расказаў Сігалу пра асноўныя напрамкі дзейнасці Еўразійскай эканамічнай камісіі, а таксама пра эканамічны форум у Бішкеку, які прайшоў сёлета, дзе кіраўнікам дзяржаў — удзельніц ЕАЭС была прапанаваная ідэя стварэння Еўразійскай кінаакадэміі і кінапрэміі.

«Стывен Сігал у сваю чаргу падзякаваў Мясніковічу за цёплы прыём. Ён адзначыў, што ўсе краіны Еўразійскага эканамічнага саюза яму добра вядомыя, з некаторымі з іх звязаная яго сямейная гісторыя, і выказаў гатоўнасць правядзення рэгулярных сустрэч, у тым ліку для магчымага садзейнічання ў прапрацоўцы ініцыятываў камісіі, якія ўяўляюць узаемную цікавасць», — паведамляе прэс-служба ЕЭК.
Нагадаем, раней стала вядома, што зорка галівудскіх баевікоў 90-х і спецпрадстаўнік МЗС РФ па гуманітарных сувязях паміж Расіяй і ЗША Стывен Сігал здымае дакументальны фільм пра вайну на Данбасе.
Стывен Сігал не хавае сваіх сімпатый да прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. У 2016 годзе расійскі лідар асабіста ўручыў яму пашпарт грамадзяніна РФ. Да гэтага Сігал сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам у ягонай рэзідэнцыі пад Мінскам.